Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 79

Iван Kiрэевiч Сяркоў

30. Санька абяззбройвае ворага

Ляціць над лугам на павуцінні бабіна лета. Адцвітаюць у траве апошнія краскі. Сонца прыпякае, як у жніўні. А Санька нічога гэтага не хоча заўважаць, усю дарогу ён праклінае сваю збродлівую казу.

Пад самай вёскай на балоце, у густых зарасніках лазы мы наткнуліся на незнаёмага чалавека. Ён выйшаў нам насустрач з-за куста так нечакана, што ўцякаць ужо было позна. Першае, што нам кінулася ў вочы, гэта перавязаная акрываўленай анучай рука. Разгледзелі больш уважліва — юнак гадоў васемнаццаці, абарваны, стомлены, мурзаты і худы.

— Вы з гэтага сяла? — спытаў ён.

— 3 гэтага,— насцярожана адказаў Санька.

— Немцы ёсць?

Мы з Санькам пераглянуліся: чаму гэта ён пра немцаў пытае? Хто ж ён такі?

— Не ведаем. Мы кароў у Плёсах пасвім,— растлумачыў я незнаёмаму.

— А хлеба ў вас не знойдзецца?

Хлопец акінуў нас галоднымі вачыма і, відаць, зразумеўшы, што пытанне гэта лішняе, уздыхнуў і сеў на купіну.

Крыху асвоіўшыся, мы асмялелі, і Санька спытаў:

— А ты хто такі?

— А ніхто,— адказаў хлопец.— Прынясіце лепш хлеба. I паглядзіце, ці ёсць немцы ў вёсцы.

— Ты, можа, партызан? — дапытваецца Санька.

— Можа,— паціснуў плячыма хлопец і загадаў: — Ану, хутчэй!

— А нас возьмеш з сабой? — таргуецца мой сябра. Хлопец крытычна агледзеў нас з галавы да ног і адрэзаў:

— Без зброі не бяром.— А потым пужнуў: — Ну?!

Мы пусціліся з усіх ног выконваць яго даручэнне. Нарэшце-такі мы сустрэлі сапраўднага партызана! Цяпер трэба не ўпусціць моманту і прасіцца ў атрад, трэба штосьці такое зрабіць, каб паказаць, што мы баявыя, геройскія хлопцы. Тады нас прымуць без размоў, не паглядзяць, што няма і па трынаццаць.

Немцаў у вёсцы амаль у кожным двары. Толькі нашу хату абмінулі. Затое ў Санькавай размясціўся афіцэр. Цётку Марфешку выгналі ў сенцы, але ў сенцах па начах холадна, і яна спіць у суседзяў.

Мы аббеглі ўсе вуліцы, ткнулі насы ва ўсе двары, у завулкі. Санька налічыў дзесяць грузавікоў, а я дванаццаць і дзве легкавыя машыны. Санька збегаў і да палявой кухні, дзе салдаты атрымлівалі абед. Праўда, тут яго заўважыў повар і адразу ж запрог — прымусіў цягаць з калодзежа ваду. Хлопцу гэта не спадабалася. Ён прывалок два вядры і, як толькі немец адвярнуўся, даў драла.

Дамоў ён прыйшоў апоўдні. Каза спакойна стаяла ў хлеўчуку і ела траву. У сенцах нікога не было. Затое, калі Санька сунуў нос у пярэднюю хату, адтуль рыкнула:

— Цурык!

Відаць, гэты афіцэр — важная птушка, калі пад вокнамі ў двары ўвесь час таўчэцца вартавы, а ў пярэднюю хату не толькі што Саньку і яго маці нельга заходзіць, самі немцы заходзяць баязліва.

Што робіцца за зачыненымі дзвярыма, не можа бачыць ніхто. Ніхто, апрача Санькі. Дашчаная перагародка калісьці была аблеплена каляровымі паперкамі і старымі газетамі. Аднак клей, звараны з мукі, вельмі спадабаўся мышам. Цяпер сцяна абшарпаная не горш за Санькавы штаны.

У адной з дошак, якраз супраць печы, быў калісьці кевялікі смаляны сучок. Санька неяк раней прабіў у сучку дзірку, накрышыў у яе серкі з запалак, заткнуў зверху цвіком і агрэў як мае быць абухом. Хацеў, каб пеканула. А яно не пеканула. Сучок разам з цвіком выскачыў у пярэднюю хату, і атрымалася добрая, гладкая, круглая адтуліна. Праз яе відаць усё на свеце.