Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 81

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Русь, русь!

У нашым двары Санька ніяк не мог аддыхацца.

— Пойдзем, калі добра сцямнее,— сказаў ён мне.— Трэба забраць пісталет і сумку.

Зразумела, што ні мой сябра, ні я нікому і не заікнуліся пра тое, хто нас чакае ў лазе на балоце і куды мы збіраемся. У такіх выпадках лепш трымаць язык за зубамі.

31. Засада

Дагарае за полем чырвонае неба. Хмары пакрыліся шэрым прысакам, клубяцца крывавымі цяжкімі клубамі. Па дзядоўніку пацягнула халоднай сырасцю, трава стала вільготная, і Санька праз паўгадзіны адубеў так, што дрыжыць кожная жылка і зуб на зуб не трапляе. Але ісці па пісталет і сумку яшчэ рана: з двара даносіцца нямецкая гаворка, бразгаюць вёдры каля палявой кухні, а дзесьці на краі вёскі працяжна, з надрывам вые сабака. Сабака вые — будзе няшчасце: пажар або нябожчык.

3-за хмары выглянуў шчарбаты месяц, нібы павіс на галіне школьнай таполі, асвяціў сады, стрэхі халодным, скупым святлом. Доўгія чорныя цені дрэў перасеклі дарогу. Над вёскай плыве цішыня.

Стала яшчэ халадней, калі ад раўчака пацягнула туманам. Рэдкімі кудзелькамі ён разаслаўся спачатку па лагчынах, а потым завалок крапіву, ахутаў агарод, толькі слупы агароджы выглядаюць з-пад белай коўдры, быццам гуляюць у жмуркі.

Санька павёў вухам, агледзеўся і пайшоў. Ён ішоў асцярожна, нячутна, як здань. Наперадзе нехта нерухома стаіць і прыслухоўваецца да начной цішыні. Стаіць і прыслухоўваецца і Санька. Цьфу ты, хвароба, ды гэта ж куст бэзу, які сам ён уласнымі рукамі пасадзіў сёлетняй вясной на мяжы пад самым плотам.

Месяц крыху павісеў на дрэве і зноў схаваўся за хмару. Цяпер хоць вока выкалі. Трэба прывыкнуць да цемры, бо нічога не відаць.

— Хальт! — гакнула, як вінтовачны стрэл, дзесьці каля палявой кухні. Гэта далёка, можна асабліва не турбавацца, тым больш што праз мінуту ўсё сціхла. Напэўна, самі немцы цягаюцца або прыйшла змена.

Па мяжы паміж бульбай і буракамі, паміж сцябламі кукурузы паўзці нязручна і цяжка. Хутка не разгонішся, бо сцяблы гарбузоў, якія садзяць дзеля семак, перапляліся, нібы вяроўкі, чапляюцца за ногі і рукі, цягнуцца следам, шамацяць. Бульба таксама пераблыталася, пакруцілася, быццам па ёй усё лета качаліся чэрці. А тут яшчэ маці, полючы грады, панакідвала ў межы асоту. За лета ён высах, і калючыя іголкі лезуць у далоні, локці і калені. Колькі разоў загадвала яна Саньку, каб павыкідваў гэтае смецце на вуліцу. Дык ён не паслухаўся, паленаваўся, цяпер жа самому і горш.

Невядома, як нага зачапілася за кукурузіну, і тая не зашамацела, а загрымела сухім лісцем, як грыміць жалезны дах, калі на яго кінеш цагліну. А калі лёгкі начны вецер, заблудзіўшыся ў тумане, таксама трапіў на грады і пачаў скубці сухое лісце, здалося, што хтосьці сюды бяжыць. Тут Санька зусім уліп у сырую зямлю. Але наўзабаве вецер выскачыў на поплыў і знік У глухой начы.

Вось і казіны хляўчук. 3-за вугла відаць, як топчацца на двары вартавы. У яго на поясе бразгае нейкая Жалязячка. Некалькі цяжкіх крокаў у адзін бок — цішыня, некалькі ў другі — зноў цішыня. Немец прыслухоўваецца. Усё, здаецца, спакойна. Відаць, яны не хапіліся пісталета і сумкі, не заўважылі прапажы.