Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 62

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Дзе ўзяла, там і ўзяла...

Але нарэшце не вытрымала і растлумачыла болын падрабязна:

— У Ярманію збегала і купіла!

3 гэтага мяшка будуць раскошныя штаны. Адно мне толькі не падабаецца: чорны арол са свастыкай. Бабулі ён таксама не па душы, ды што ты зробіш? Яна спрабавала яго адмыць, празаліла нават у жлукце, а арлу — хоць бы што, як сядзеў, так і сядзіць. Штаноў з нямецкім арлом я насіць не буду. Няхай бабуля на гэта не спадзяецца.

Бабуля пакрыўджана падбірае губы і злуецца:

— Вялікі асэсар! Зносіш, калі прыпрэ...

Аднак яна ўсё ж паабяцала зрабіць так, каб гэты арол не вельмі кідаўся ў вочы. Яна яму месца знойдзе, тым болын што зусім не абавязкова, каб ён свяціў наперадзе.

Мая бабуля — чалавек беражлівы. Яна кроіць мяшок так, каб дарэмна не прапала ніводнага кавалачка. Матэрыі цяпер не купіш, а выткаць няма з чаго. Ды і хто гэта мне будзе ткаць? Вось ажанюся, тады няхай жонка і тчэ.

Да вайны я аднойчы бачыў каля сельсавета матроса ў белай кашулі, у бесказырцы са стужкамі, але больш за ўсё мы, хлапчукі, зайздросцілі, пазіраючы на шырачэзны чорны клёш. Цяпер, напэўна, той матрос пазайздросціў бы майму клёшу. Першы раз я нават у ім заблудзіўся і трапіў абедзвюма нагамі ў адну калашыну, а потым неяк усё ж выблытаўся.

Штаны пашыты трывала — суровымі, вошчанымі ніткамі. Праўда, сцяжкі велікаватыя і няроўныя, дык ж я хацеў ад старой бабы! Яна ж не машына. Добра, што яшчэ так зляпіла. А што велікаватыя — не бяда. Мне хопіць іх навек. Я буду ў іх жаніцца.

Бабуля пакруціла, павярцела мяне, крытычна агледзела справу сваіх рук і здаволена адзначыла:

— Ну вось, зусім іншы хлопец, На чалавека падобны. Скідай, гузік прышыю.

Не, сапраўды добрыя штаны, і арол не мазоліць вочы. Калі сядзіш, дык яго і зусім не відаць.

Хлапчукі спачатку смяяліся з майго арла. А Санька дык яшчэ і крытыкаваў бабульчыну працу: і пояс не так прышыты, і кішэня касабокая. Санька — спец. Але паступова на маю абнову перасталі звяртаць увагу. Толькі мянушка да мяне новая прыліпла — Матрос.

Аднойчы ў нядзелю я, Санька і Міцька Малах сабраліся на вуліцы, супраць нашай хаты, пагуляць у чыжыка. Глыжка пад нагамі таўчэцца, шморгае носам і крыўдзіцца:

— Ушо шамі ды шамі, і я буду...

Мая чарга біць, а Санькава ісці ў поле пасвіць. Толькі гэта я прыладзіўся добра ўрэзаць па чыжыку, як чыясьці дужая рука балюча ўзяла мяне за вуха. Гэта была рука Няўмыкі. Ен заўсёды з'яўляецца там, дзе яго не чакаюць, заўсёды прыходзіць туды, куды яго ніхто не кліча. Сёння ён нават без вінтоўкі, толькі гумавая палка пры ім. Руды твар яго раздаўся ў шырыкю ад добрага харчу. Вочы прыжмураныя, пякучыя і злыя.

— Больш не буду! — заенчыў я, бо вуха аж затрашчала. Мне здавалася, што яно там ледзь трымаецца: вось-вось адарвецца.

За вуха ён і прывалок мяне ў хату.

Бабуля перапалохалася. Яна думае, што я натварыў там бог ведае чаго. Ад мяне бязбацькавіча, можна ўсяго чакаць, апрача, хіба, дабра.

— Гэта што такое? — грозна паказвае паліцай на мае новыя штаны.

— Штаны! — усё яшчэ нічога не разумеючы, нясмела адказвае бабуля.