Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 63

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Штаны-ы! — здзекліва цэдзіць скрозь зубы Няўмыка.— Прыкідвайся дурніцай! Адкуль ваеннае імушчаства, я пытаю?

Тут бабуля ўсё зразумела і пачала клясціся:

— Няхай ыяне маланка заб'е на гэтым месцы, Аўдзеіч, у салдата на яйкі выменяла.

Няўмыка не верыць. Ён кінуў маё вуха і збіраецца скласці пратакол. Ён добра ведае, чым мы дыхаем і што мы за народ. Мы народ такі, што спім і думаем, як бы пагрэць рукі на маёмасці нямецкай арміі. Мы пры бальшавіках занадта распусціліся, а цяпер нам лейцы нацягнуць.

Бабуля паспешліва выходзіць у сенцы і вяртаецца адтуль з запыленай бутэлькай пад фартухом. На стале з'яўляюцца сырыя яйкі і акраец хлеба.

— Слухай, Аўдзеіч, ну яго к чорту гэты протакал. Ты ж наш чалавек, падлюбскі,— просіць старая.— Вось спытай у каго хочаш — вымяняла.

Няўмыка коса глянуў на стол, крыху памуляўся, а потым выпіў адну шклянку — ахнуў, выпіў другую — таксама ахнуў і ледзь-ледзь паверыў.

— Ну, глядзі, старая качарга,— ужо больш міралюбна сказаў ён,— другі раз — усё! Протакал — і ўсё!

А потым павярнуў мяне да бабулі спіной і зноў спытаў:

— А гэта што такое?

— А ліха ж яго ведае, Аўдзеіч. Непісьменная. Птушка нейкая быццам намалявана, ці што.

— Я табе дам — птушка! — зноў раз'юшыўся паліцай.— Вось пацягну пару разоў — паразумнееш. Гэта сімвал нямецкай улады!

Бабуля вінавата разводзіць рукамі.

— Глядзі ж, каб не было!

I выйшаў з хаты. Вось тут бабуля і дала сабе волю.

— Каб цябе п'яўкі пілі, ірад. Берагла аратаму, дык вось выжлукціў, руды сабака. Ну і прычапіўся, сатана: імушчаства, імушчаства. У Ярманію збегала і купіла.

Потым пачала мяне зноў разглядаць, як на прымерцы, паціскаць плячыма.

— Хм, і чым яму тут паганае месца, сіньвалу гэтаму самаму?

Але штаны ўсё ж пафарбавала. Фарбу сама прыдумала: намяшала шалупіння з цыбулі, альховай кары, яшчэ чагосьці. Доўга ўсё гэта варыла, пераварвала, моршчылася ад непрыемнага паху. Потым узяла мае штаны, кінула іх у чыгун, сказала:

— Дай бог у добры час...

Штаны зрабіліся рудыя, як наша карова, і нават з такімі ж плямамі. У іх мяне спачатку і наш Жук не пазнаў, разы два гаўкнуў, а потым доўга прынюхваўся: не мог зразумець, я гэта ці не я. Але затое ў іх можна гойсаць цяпер дзе хочаш, пэцкаць у гліну, у попел — нічога не відаць. Хіба што ў дзёгаць залезеш, тады іншая справа.

25. Вечары на Скокавай прызбе

Я ўжо хлопец ладны, і няма чаго мне цэлымі днямі біць лынды. Калі бабуля была такая, яна пасвіла ўжо гусей і свіней у нейкага старога Вугнача. За гэта яе кармілі. Мне таксама нічога не зробіцца, калі ўскапаю якую граду, калі дапамагу выпалаць проса, калі пакапанічу бульбу, калі прывалаку крыху травы, калі прыцягну мяшок торфу з балота. Не Вугначу гэта ўсё, а сабе. Мне чужы дзядзька гэтага не зробіць, і на бацьку спадзявацца не даводзіцца: можа ён ужо там, дзе і матка. А пакуль бабуля жывая, яна не дасць мне вырасці лайдаком і валацугай. Вось калі яна памрэ, тады мне будзе воля, тады я магу і галаву сабе скруціць. Эх, і сумна ж гэта слухаць кожны дзень!

Затое вечарам я вольная птушка. На дварэ цёпла і суха. Можна бегаць і лазіць па раўчаку колькі хочаш. Адно кепска — цыпкі. Асабліва, калі вылезеш з вады і на вецер. Скура трэскаецца, і ногі сухімі кропелькамі крыві абсыпаны, быццам макам. Тады да іх і дакрануцца нельга. А калі бабуля вечардм памажа іх сырадоем, лепшай катаргі і не прыдумаеш. Тут і наскачашся, і наплачашся, прыпомніш і дзядзьку, і татку, і родную матку.