Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 60

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Неўзабаве прыбягае дамоў бабуля, разгубленая, заплаканая і злосная.

— А дзе вядро? — пытаюся я.

— Адчапіся хоць ты! — злуецца яна.— Вядро паехала.

— Куды паехала? — цікавіцца Глыжка.

— Можа, у Ярманію, можа, яшчэ куды,—разводзіць рукамі бабуля і сварыцца сама на сябе.— Гэта ж трэба мне быць такой: старая, а дурная. Мазгі высахлі.

А ля калодзежа адбылося вось што. Толькі бабуля набрала вады, як пад'ехалі нашы начлежнікі. Адзін з іх саскочыў з падводы і да бабулі:

— Гіб!

Выхапіў вядро з рук і панёс каню. Біцюг выжлукціў поўнае вядро за мінуту. Бабуля зачэрпала новае. А немец зноў:

— Гіб!

Другі біцюг таксама са смакам напіўся, паскрыгатаў зубамі. Пасля гэтага немец шпурнуў вядро на падводу, махнуў лейцамі. Бабуля спачатку разгубілася. Яна была ўражана такім нахабствам і не ведала, што рабіць, а калі схамянулася, пабегла следам:

— Пан, а вядро?

Немец смяецца.

— Вядро, кажу, давай,— не сунімаецца старая і працягвае рукі да падводы. Тут немец раззлаваўся.

— Цурык!

Бабуля не адстае. Яна не можа ўцяміць, што крычыць гэты пан. Ей шкада вядра. Яно амаль новае, ацыккавайае, перад самай вайной купленае ў сельмагу. Зараз такое днём з агнём не знойдзеш, ні за якія грошы не купіш.

— Аддай, нечысць, вядро! — настойліва патрабуе яна, а немец сваё:

— Цурык!

Тут бабуля таксама не на жартачкі раззлавалася.

— Навошта мне твой цурык? Ты мне, нехрысць, вядро вярні!

Немцу надакучыла крычаць, ён зняў з шыі аўтамат.

— Каб ты ўтапіўся ў гэтым вядры, ідал! — крыкнула бабуля ўслед падводзе і пайшла дамоў. Цяпер сядзіць і журыцца.

— Вось дурная дык дурная! Трэба было хоць той цурык узяць, пакуль даваў. А цяпер ні вядра, ні цурыка.

Я, як умею, тлумачу бабулі, што такое гэты самы цурык. Калі кемец крычыць цурык, тут варон не лаві, а ўцякай, пакуль цэлы. У іх розуму хопіць: бабахне — і ўсё табе. Бабуля крыху збянтэжылася, але ўсё ж знайшла сабе апраўданне.

— Дык чорт іх разбярэ, калі яны гавораць не па-людску, а гергечуць.

— Як гэта гергечуць? — дапытваецца Глыжка, і бабуля з ахвотаю тлумачыць:

— Вядома як, мой унучак. Збяруцца — і гер-гер-гер, што сабакі.

А сама спрытна хапае вілкамі чыгунок з печы і ставіць яго на ўслон. Смачна пахне адцэджаны ў міску бульбяны адвар. Як карова перастала даіцца, бабуля яго не вылівае ў ражку, а накрышыць у яго цыбулі, і мы лыжкамі сярбаем гэтую юшку з бульбай. Ежа не панская, ды ўсё ж лепш, чым есці нішчымную бульбу.

Пакуль мы зверху чыгунка здымалі і елі пахкія, саланаватыя прыгаркі, бабуля схадзіла ў сенцы і прыйшла адтуль з... нямецкай гранатай. Я, як абвараны, выскачыў з-за стала.

— Баб, што гэта? Дзе ты ўзяла?

Яна хітра паглядзела на мяне і, здаволеная сама сабой, пахвалілася:

— Ды прыхавала, пакуль яны курыцу ганялі. Вядро забралі, дык няхай хоць гэта будзе. Добры таўкачык!

Не паспеў я і рота раскрыць, як граната была ўжо абмыта ў вадзе, выцерта ручніком і раз ці два паспела таўкануць гарачую бульбу ў чыгунку.