Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 58

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Партызан капут! — паведаміў нам пасля гэтага фашыст і, разглядаючы сваю руку, пайшоў у пярэднюю хату. А тут, ля печы, застаўся толькі непрыемны пах паленай кацінай поўсці.

Мне трэба ўжо ісці дамоў, ды вельмі ж цікава, што будзе далей, якога коніка яшчэ выкіне Пауль. Па ўсім відаць, справа з катом не скончылася. Насвістваючы нейкую песеньку, Пауль падышоў да скрынкі і пачаў перабіраць тонкія, рознакаляровыя дроцікі, шнуркі, спрабаваць іх рукамі, ці трывалыя. Мы з Санькам трывожна пераглянуліся. Што ён збіраецца рабіць? Хоча звязаць ката, а можа... павесіць? У гэты час прылізаны немец зняў навушнікі і паклікаў Пауля. Ен тыцнуў пальцам у свой наручны гадзіннік і нешта сказаў. Пауль паказаў свой гадзіннік і агрызнуўся. Яны пачалі спрачацца. Аднекуль з-за сцяны выйшаў трэці немец, заспаны і злосны. Пазяхнуўшы так, што ў роце аж нешта хрускула, ён гыркнуў на Пауля і Рауля, і тыя, як нашкодзіўшыя хлапчукі, вінавата змоўклі, выцягнулі рукі па швах.

— Курт,— растлумачыў мне Санька.— Ух, і злы, як ваўкадаў!

У яго знешнасці сапраўды ёсць нешта такое ад ваўкадава. Асабліва ніжняя сківіца. Я падумаў, што ў ёй будзе, мабыць, з паўпуда. Яна адвісае пад уласным цяжарам, і каб закрыць пашчу, ваўкадаву даводзіцца, напэўна ужываць немалую сілу.

Пагыркаўшы, Курт-ваўкадаў апрануў мундзір, і яны з прылізаным выйшлі з хаты. Па дарозе абмацалі нас з Санькам вачыма, але нічога не сказалі.

— На разжыву,— упэўнена заявіў Санька.— Кожны дзень ходзяць па хатах. Пакуль яек па касцы не назбіраюць, не вернуцца.

Каля апаратуры застаўся адзін Пауль. Але не паспелі зачыніцца дзверы, як ён таксама скінуў навушнікі і падаўся на двор. Тут Санька пацягнуў мяне за рукаў і прапанаваў:

— Пойдзем паглядзім.

Санька тут, як гаспадар, папстрыкаў нейкімі кнопкамі на апараце. Пстрык — лямпачкі патухлі, Пстрык — загарэліся.

— А гэта вось батарэі. Вазьміся пальцам.

— Я ўзяўся — крыху тарганула. А потым Санька схапіў навушнікі, паслухаў сам і дазволіў мне. Нічога не разбярэш — толькі піпкае.

Каля сцяны, на падстаўцы, збітай з дошак, тры вінтоўкі. Вядома, не паглядзець іх таксама нельга. Урэшце, мы павінны ведаць і зброю ворага — гэта нам не пашкодзіць. Я схапіў першую, якая трапілася мне пад рукі, вінтоўку і павярнуў затвор. 3 задняй яго часткі высунулася нейкая круглая штука. Я паставіў ручку затвора на месца, а штука так і засталася, не схавалася. Ну, цяпер усё, цяпер нам капут. Паспрабавалі запхнуць штуку пальцамі — не паддаецца.

— Трэба націснуць на спуск,— сказаў я Саньку.

— А калі там патрон? — спалохаўся ён.

Калі там патрон — грымне стрэл. Тады і зусім нашы справы дрэнь.

Можа, мы і выйшлі б неяк з цяжкага становішча, можа, мы і засунулі б як-небудзь тую штуку на месца, ды ў гэты час зарыпеў ганак. Нас нібы злізала кароза языком.

Адчыняюцца дзверы, а мы з Санькам ужо зноў сядзім на прыпечку, і выгляд у нас самы рахманы.

Калі б Пауль паглядзеў на нас, ён убачыў бы самых дабрачынных людзей, якім няма справы да розных там вінтовак, якія і не думаюць ісці ў партызаны. Але ён не павярнуў у наш бок і галавы. Жаласна зарыпела пад яго цяжкай тушай падлсга. Пауль падыходзіць да падстаўкі, бярэ тую самую вінтоўку, якую мы толькі што разглядалі з Санькам, цэліцца ў наш бок і, не спяшаючыся ідзе да прыпечка. Ён свідруе мяне вузенькімі, заплыўшымі вачыма, а па налітых салам шчоках ходзяць злосныя жаўлакі. Я не адводжу позірку ад яго лютых вачэй і думаю: зноў жартуе ці не? Чорнае вочка дула ўсё бліжэй і бліжэй. На спускавым кручку тоўсты палец, на пальцы белы бліскучы пярсцёнак. Зараз палец уздрыгне і гэтая жалязяка плюне ў мяне агнём. Мы з Санькам нібы прымерзлі да цёплых цаглін, сядзім, не дыхаем.