Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 59

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Немец прыставіў вінтоўку да майго носа, стаіць і маўчыць. Маўчу і я, пазіраю, як вол з-пад абуха. I раптам:

— Пу!

Гэта быў не стрэл. Гэта Пауль крыкнуў на ўсю сілу сваёй луджанай глоткі. Я падскочыў, як абвараны, а Пауль ледзь не поўзае па падлозе.

— Ха-ха-ха-ха!

Трасецца тоўсты жывот.

— Гы-гы-гы-гы!

Твар стаў чырвоны, як бурак. Крывёю наліліся шчокі.

— Аха-ха-ха-ха!

Ад смеху на вачах з'явіліся слёзы.

— Іхі-хі-хі-хі!

Праўду Санька казаў — вясёлы, гад, усё яму жартачкі. Санька сядзіць побач, белы як палатно, а на яго носе выступілі кропелькі поту. У мяне, відаць, выгляд таксама не вельмі геройскі, і таму немец ніяк не можа суняцца.

— Ого-го-го-го!

Калі ён крыху супакоіўся, то пачаў чытаць нам ма-раль:

— Рускі кнабе нікс карош. Рускі кнабе іст партызан. Партызан — пу!

Я іду дамоў і думаю пра тое, што бачыў і што перажыў у Санькавай хаце. Вядома, гэты Пауль крыху ненармальны, як гэта гаворыцца, цопнуты з-за вугла мяшком, а ў мяшку калун быў. Нават есці па-людску не ўмее: па цэламу яйку вылівае ў рот і хлеба забывае ўкусіць.

Ката Санькавага Пауль усё-такі павесіў. На другі дзень ён узяў тоненькі гнуткі дроцік, зрабіў пятлю і задавіў на галіне бэзу перад акном. Усім траім радыстам было вельмі смешна.

Кот, схіліўшы галаву набок і выскаліўшы тонкія вострыя зубы, цэлы дзень матляўся на халодным ветры.

23. «Навошта мне твой цурык? »

Неяк вясной, калі з палёў ужо збегла вада, а на двары раніцой яшчэ хрупалі пад нагамі кволым лядком рэдкія лужыны, у нашай хаце спыніліся два немцы-фурманы. У двор яны заехалі з падводай, распраглі коней і пачалі распараджацца, як гаспадары. Адзін з іх злазіў на гарышча, знайшоў курынае кубло, і ў хаце зашквірчала яечня.

Мы з Глыжкам сядзім на печы, выглядаем з-за коміна і думаем: няўжо яны ўсё падужаюць з'есці? З'елі.

— Каб ім шкулля ў бок,— сказаў на гэта мой брат і, уздыхнуўшы, лёг спаць.

Але Глыжкавы праклёны не дапамаглі. Скулле ў кемцаў не павыскаквала. Раніцой яны адкруцілі яшчэ галаву нашай рабой курыцы, засмажылі яе, з'елі і толькі пасля гэтага сабраліся ехаць. Адзін выносіць з хаты свае манаткі: шынялі, каскі, бляшанкі процівагазаў, а другі запрагае коней.

Калі падвода выехала за вароты, бабуля з палёгкай уздыхнула, паслала ім услед сваё «каб вас пераехала...» і, бразнуўшы вядром, пайшла да калодзежа. Мы з Глыжкам злезлі з печы і давай шныпарыць па хаце: можа, немцы што забылі. Але забылі яны небагата: пусты пачак з-пад цыгарэт ды скамечаную нямецкую газету. У газеце на фотаздымку быў Гітлер. Ён вешаў салдату на грудзі крыж. Пачак я аддаў Глыжку, а сабе ўзяў з яго толькі белую бліскучую паперку. Газету пакруцілі-павярцелі — нічога не разбярэш — кінулі ў парог.