Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 39

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Не паспелі за мной зачыніцца дзверы, як бабуля рукамі пляснула.

— А божачка ж ты мой... Паглядзіце вы на яго.

Я сапраўды быў прыгожы: кашуля распаласавана, рука ў крыві. Аб той пракляты дрот разадраў, а штаны ўсе ў зямлі, у пыле, быццам мяне па раллі валаклі. Ды хіба гэта так важна?

Я бабулю і слухаць не стаў, а прама звярнуўся да Скачыхі:

— Там цябе, цётачка, дзядзька шукае. Аж з ног збіўся. Нехта да вас прыехаў.

— Прыехаў? — не паверыла Скачыха.

— Ну, можа, прыйшоў. Не ведаю,— удакладніў я.

Суседка крыху пабурчала, што, маўляў, і знаходзяць жа людзі час ездзіць, але загарнула свайго Юрку і пайшла, а бабуля, праводзіўшы яе за парог, узялася за мяне. На яе думку, у мяне выраслі рогі, ды іх няма каму спілаваць. Я, мабыць, спадзяюся, што бабуля пойдзе ў краму і купіць матэрыі, каб пашыць мне новую кашулю, быццам я не ведаю, што зараз за час. Апошнюю сваю спадніцу яна таксама не будзе перашываць мне на штаны.

— Маё дзіцятка, слухайся бабы,— просіць маці з ложка.

Цьмяна хліпае каганец на камінку. Па сценах бегае вялізны бабульчын цень. Цень то са смешным носам на паўсцяны, то нос маленькі, затое рукі даўжэзныя і галава агурком. Глыжка яшчэ не спіць.

— Баб, глядзі! — паказвае ён на сцяну і смяецца.

— Змоўкні хоць ты, сатанёнак! — злуецца бабуля і збірае на стол вячэру. Пры Глыжку я не магу расказваць пра камісара, які сядзіць пад павеццю ў саломе. Малое — дурное. Дзе-небудзь пахваліцца.

Мяне выратаваў дзед Мірон. Ён прыйшоў, калі добра сцямнела, паклікаў бабулю за парог, і яны там пра нешта нядоўга размаўлялі. Вярнулася бабуля ў хату спалоханая і разгубленая, неяк здзіўлена паглядзела на мяне і чамусьці прашаптала:

— Ідзі.

Я сяджу на вуліцы, прыслухоўваюся да таго, што робіцца навокал. Хоць яшчэ і не вельмі позна, а вёска быццам вымерла: ні агеньчыка, ні чалавечага голасу. Толькі выбежыць хто з жанчын да калодзежа, бразне вядром і хуценька зноў у двор. Звычайна ў гэты час звінелі, шумелі гулянні: заліваўся гармонік, дзінькаў бубен, а галасістыя дзяўчаты спявалі на ўсю вёску пра чарнабровага мілёнка. Там-сям на прызбах вялі свае бясконцыя размовы жанчыны. А цяпер ціха. Усе пазашываліся ў хаты, пазавешвалі вокны, прытаіліся. Толькі сабакі брэшуць то ў адным баку, то ў другім.

У двары пад павеццю дзед Мірон доўга размаўляе з камісарам. Аб чым яны там? Можа, думаюць ісці ў партызаны, дык няхай і мяне возьмуць. Ну і Саньку, зразумела. Мы будзем у іх за разведчыкаў. Там, дзе дарослы не пройдзе, хлапчук заўсёды прашмыгне. Мы хітрыя. I смелыя.

Мне моўчкі падміргваюць зоркі на небе. Іх там насыпана, як бульбы на агародзе. Ні ў адзін кош не ўбярэш.

Нарэшце рыпнулі варотцы, і дзед Мірон прасунуў галаву:

— Ну як, ціха?

— Ціха,— адказаў я.

За дзедам выйшаў Аляксандр Карпавіч.

— Ну, бывай, бацька. Бывай, Мірон Захаравіч. Дзякуй табе за ўсё. Буду жывы — не забуду.

Яны паціснулі адзін другому рукі, абняліся.

— Ты адзін з вёскі не выйдзеш. Нарвешся,— папярэдзіў камісара дзед і звярнуўся да мяне: