Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 31

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Сонца садзіцца за калгасным полем. На школьных таполях, уладкоўваючыся на начлег, бесклапотна гамоняць вераб'і. А за сялом на гары стаіць чалавек, стомлена абапёршыся на рыдлёўку, стаіць як акамянелы. Гэта дзед Мірой. Ён хавае нашых байцоў. Мы ніколі не будзем трэсці яго грушу.

13. Дзед Мiрон на нас спадзяецца

Наш агарод з аднаго боку Міронавага саду, а Санькаў — з другога. На Санькавым агародзе непралазны гушчар маку-самасею. Цётка Марфешка, полючы грады, заўсёды шкадуе яго рваць. Вясной маку не відаць, але потым, набраўшыся сілы, ён глушыць агуркі, памідоры, бульбу і капусту. У час цвіцення на нашай вуліцы няма прыгажэйшага агарода, чым Санькаў. Ен гарыць чырвоным полымем.

Калі мак паспявае, яго галоўкі шамацяць на ветры, і з акенцаў, што ўтвараюцца пад шапачкамі макавак, рассяваюцца па зямлі дробныя чорныя зярняткі. Мабыць, з-за гэтага маку ў Санькі і прозвішча такое — Макавей.

Іншы год цётка Марфешка збірае маку амаль цэлы пуд. Але заўсёды мы выходзім на збор ураджаю раней за яе. Мы з Санькам не чакаем, пакуль макаўкі высахнуць і пачнуць шамацець, а рвём, калі яны крыху пажаўцеюць. Адкруціш адну галоўку, абкалупаеш зверху брыжкі, і церушы сабе чырванаватыя зярняты на далонь.

Калі хапае цярпення, іх можна назбіраць цэлую жменю. А тады ўжо ўсе адразу ў рот. Лепшага смаку і не знойдзеш!

Санькавай маці нашы вылазкі ў агарод не вельмі падабаюцца. Звычайна, прагнаўшы нас старым дзеркачом, яна доўга крычыць услед, што мы — саранча, што ад нас махалам не адмахаешся, што Санька дулю цяпер з'есць, а не корж з макам.

Праз некаторы час, калі мы вяртаемся ў двор, яна пачынае нам расказваць розныя жахі. 3 яе слоў выходзіць, што мак — самая небяспечная рэч на свеце. Калі яго наесціся багата, можна заснуць і не прачнуцца. Як Санька быў малы, дык крычаў дзень і ноч. Думалі, надарвецца, давалі макавы адвар, каб заснуў. Але колькі давалі? Адну кропельку. Мы з Санькам слухаем ды хмыкаем самі сабе. Дай нам зараз маку па цэламу рэшату, дык мы не то што не заснём, а нават не задрэмлем.

На другі дзень пасля паходу ў поле мы вырашылі паглядзець, ці не ўкраў хто нашы боепрыпасы. Ішлі агародам і непрыкметна для саміх сябе пачалі есці мак. Спачатку Санька сарваў адну макаўку, а потым і я. Аднак вельмі параскашавацца нам не ўдалося. Рыпнулі варотцы, і на агарод выйшла цётка Марфешка. Пачуць нас яна пачула, а вось убачыць не ўдалося: мы шмыганулі ў бульбу, а там паўзком дабраліся да Міронавага плота і прыселі ў бур'яне. Цётка доўга падазрона аглядала агарод, бурчала нешта сабе пад нос, потым падвязала фартух і пачала збіраць агуркі-насеннікі. А гэта значыць — надоўга.

Мы ляжым у траве і ціха перашэптваемся. Калі б прыйшлі партызаны, мы першыя паказалі б ім, дзе жыве Няўмыка. Ен цяпер стаў важнай птушкай, начапіў на рукаў павязку і ходзіць па вёсцы з нямецкай вінтоўкай. На ім новы, з іголачкі касцюм, хромавыя боты, у руцэ гумавая палка. Ляпае ён той палкай па халяве і смяецца з людзей:

— Хопіць з вас, нажыліся пры бальшавіках. Дайце цяпер і мне пажыць.