Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 29

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Поле скрэмзана ўдоўж і ўпоперак танкамі, перакапана акопамі. Мы ходзім па акопах, шукаем наганаў. Думалася, што іх тут будзе валяцца колькі хочаш, але так толькі думалася. У вялізным, круглым акопе знайшлі адны гільзы ад снарадаў ды пустыя скрынкі. Відаць, тут стаяла гармата. Наперадзе акопа зямля высмалена, чорная ад сажы, а навокал ямка на ямцы — поле ўзарана выбухамі. Люты быў бой.

Далей у жыце знайшлі процівагаз. Паглядзелі — цэлы. Вырашылі ўзяць. Можна многа рагатак зрабіць. Затым трапілася чырвонаармейская каска і маленькая пехацінская рыдлёўка. Каску мы памералі. Спачатку Санька, а потыя я. Яна была вялікая, закрывала вочы. Затое рыдлёўка самы раз, па нашай сіле. Забралі яе з сабой.

— Сюды! Сюды! — раптам закрычаў Санька. Я думаў, што там ужо немаведама што, аж нічога асаблівага. На дне неглыбокай ямкі, відаць, варонкі ад снарада, крыху прыстасаванай пад акоп, як насыпана пустых стрэляных гільзаў. Былі яны і проста так і ў кулямётных стужках. Перакапалі, перагледзелі ўсе да адной — няма цэлых. Відаць, кулямётчык адбіваўся да апошняга патрона. Тут жа, у ячмені, мы знайшлі брудныя, акрываўленыя бінты і прастрэленую наскрозь біклажку. Жывы ён застаўся ці не?

Лазячы па аколах, мы вымазаліся ў гліну, як чэрці, Санька да ўсяго яшчэ залез і ў нейкі мазут, а потым чоркай рукой выцер пот з ілба. Цяпер ён, як дзядзька Пятро, калі той вечерам ідзе дамоў з калгаснай кузні. Ды ўсё гэта дробязь у параўнанні з тым, што мы не знайшлі яшчэ ніводнага нагана.

Мы ляжым на чыстым пясочку каля акопа і адпачываем. Гаварыць нічога не хочацца. Санька калупае пальцам зямлю, а я проста гляджу на неба. Па небе плывуць белыя, мяккія воблакі, часта махаючы крыльцамі, амаль вісіць на адным месцы і звініць, заліваецца жаўрук. Яму ўсё роўна, зжата ці не зжата поле, знайшлі мы з Санькам наганы ці не, ёсць вайна ці няма. Усё звініць і звініць, як і ўчора, і пазаўчора, і год, і сто год назад.

Цвыркаюць у ячмені конікі, пераліваецца хвалямі гарачае паветра. Я гляджу на неба і думаю пра свайго бацьку. Дзе ён, у якім жыце адбіваецца ад ворагаў? Думаю пра дзядзьку Назара. Дзе ён зараз лятае на сваім «ястрабку»?

I раптам Санька штурхнуў мяне ў бок:

— Глянь сюды!

Я паглядзеў. Непадалёку, абапёршыся на рыдлёўку, стаіць наш сусед, дзед Мірон. Мы не любім дзеда. Гзта сквапны чалавек. Сквапны і злосны. Ён спіць і ў сне мяркуе, як бы нас з Санькам крапівой адсцёбаць. А сустрэне на вуліцы, кожны раз пальцам трасе і глядзіць з-пад калматых броваў, як з-пад страхі, наскрозь праймае. I ўсё з-за грушы-спасаўкі, да якой мы сваімі локцямі і каленямі праклалі па яго бульбе цэлую дарогу.

— Чаго ён тут? — хмура спытаў я ў Санькі.

— Чаго? Можа, здабычу якую шукае...

— Давай падгледзім.

Дзед Мірон стаіць, стаіць доўга, нерухома, быццам акамянеў. Зношаная, зашмальцаваная шапка вісіць пад рукамі на цаўі рыдлёўкі, і на сонцы блішчыць спацелая лысіна.