Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 30

Iван Kiрэевiч Сяркоў

Калі глядзець на дзеда знізу, уткнуўшыся падбародкам у пясок, ён здаецца вялікім-вялікім. За яго спіной на гары відаць царква, але галава старога большая за царкоўную макаўку і намнога вышэй яе. Мы разумеем — гэта таму, што царква далёка, а стары блізка. Нарэшце, ён паківаў лысай галавой, нацягнуў на самыя вушы сваю шапку, ускінуў на плячо рыдлёўку і пайшоў проста па жыце далей, у поле. Мы з Санькам кінуліся да дарогі: што ён там рабіў — цікава.

Перад намі курганок свежай зямлі. На курганку каска з чырвонай зоркай і вінтоўка без затвора. Нам не трэба тлумачыць, што гэта такое. Пад курганком ляжыць баец. Наш баец. Нам чамусьці стала сорамна. Горка і цяжка на душы.

— Здагадзька! — упікнуў я Саньку.— Здабы-ы-чу. Санька ўздыхнуў і сказаў:

— Не будзем больш трэсці дзедаву грушу...

— I Рудзьку надаём, калі палезе,— дадаў я.

— Надаём! — падтрымаў мяне Санька.

Гэта прагучала як клятва.

Цэлы дзень мы поўзалі па акопах, па канавах уздоўж дарог, па жыце, але наганаў не знайшлі. Не трапіліся гранаты і кулямёты. Мабыць, позна хапіліся, і ўсё гэта пабралі ўжо іншыя.

— Нам трэба было яшчэ болей дома сядзець,— бурчыць увесь час Санька. Быццам я ў гэтым адзін вінаваты, быццам не сам ён прыдумаў перанесці дамоў школьныя кніжкі. Цяпер вось і будзем сядзець без наганаў.

I раптам нас напаткала ўдача. Ля самага калгаснага двара, калі мы ішлі, апусціўшы галовы, дахаты, у прыдарожным дзядоўніку Санька заўважыў зялёную жалезную скрынку. Адчынілі, а там патроны! Запраўленыя ў кулямётную стужку, яны пабліскваюць на сонцы! Дзюбачкі куль пафарбаваны ў розны колер. Цэленькія, некранутыя капсулі.

На душы ў нас стала весялей. Цяпер можна жыць. Няхай сабе пакуль што ў нас няма ні наганаў, ні вінтовак, затое на першы выпадак ёсць боепрыпасы. Нам застаецца занесці іх дахаты і схаваць у саломе або закалаць на агародзе. Праўда, зрабіць гэта не так проста — па вуліцах ходзяць немцы. Не станем жа мы ўзбройвацца ў іх на вачах.

I тут у мяне ўзнікла добрая думка. Я сцягнуў з сябе кашулю, зашпіліў гузікі і завязаў рукавы. Атрымалася нядрэнная торба. Мы напхалі туды крыху травы, потым паклалі скрынку з патронамі, а зверху зноў прыкрылі травой. Няхай цяпер здагадаюцца фашысты, што мы нясём. Яны падумаюць, што гэта корм для Санькавай казы.

Ношка аказалася не такая і лёгкая. Для мяне яшчэ дык нічога, а Санька, калі падыходзіць яго чарга несці, гнецца ў тры пагібелі. Трава, якой абкладзена скрынка, растрэслася, і з кашулі выпірае востры рог. Тым не менш, мы спакойна прайшлі міма сельмага, дзе сноўдаліся два немцы. Падумалі яны пра Санькаву казу ці не, але нас не кранулі.

Праз двор нам таксама ўдалося праскочыць непрыкметна. Цётка Марфешка штосьці шыла і на нас нават не зірнула.

На агародзе мы зноў адчынілі скрынку і доўга любаваліся патронамі, пералічвалі іх, мацалі рукамі, а потым закапалі на бульбянішчы і накідалі зверху сухога бульбоўніку. Дамовіўшыся потым патроны падзяліць, мы разышліся па хатах.