Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 102
Iван Kiрэевiч Сяркоў
Кузаў пада мной уздрыгнуў, хістануўся на ўхабе, і машына пайшла. Добра, што я такі хітры. Стаў бы прасіцца — не ўзялі б. А цяпер — усё. Галоўнае, далей ад хаты ад'ехаць.
I раптам я войкнуў ад пякучага болю. Хтосьці наступіў мне на пальцы. Як я высунуў руку з-пад лаўкі — зразумець не магу.
— Што гэта яшчэ такое? — здзіўляецца Сяргеіч і сцягвае з мяне маскіроўку. Першае, што я ўбачыў, гэта вясёлага лейтэнанта, які сядзеў насупраць за прымацаваным да сценкі столікам. Спачатку вочы яго сталі круглыя, а потым бліснулі зубы, і вось ён ужо заходзіцца бязгучным смехам. Сувязісты заглядваюць пад лаўку і таксама перасмейваюцца.
— Вылазь,— строга камандуе мне Сяргеіч.
Тут нічога не зробіш, трэба вылазіць.
— Ну, што скажаш? — пытае стары салдат без ценю ўсмешкі.— Чаго ты сюды зашыўся?
Я стаю, пасапваю і маўчу. У мяне адна думка: высадзяць ці не? Што б ім такое сказаць, каб не высадзiлi?
— Можа, гэта шпіён? — не то сур'ёзна, не то жартам устаўляе Кузьмін, які ўсё выклікаў у парозе «рэзеду».
Лейтэнант аж задыхаецца. Твар яго стаў чырвоны, як пераспелая вішня.
— Які ён шпіён? — скрозь смех заступаецца лейтэнант за мяне.— Добраахвотнік ён...
Хтосьці пастукаў у сценку супраць кабіны. Машына спынілася. I тут я не вытрымаў.
— Яны Саньку забілі. Яны... Я з вамі паеду.
I выцер здрадніцкую слязу.
Лейтэнант перастаў смяяцца. На яго нібы хмара найшла — пачарнеў. У першы раз ён загаварыў сур'ёзна:
— Рана табе, Ванюха. Мы самі ўправімся. I за сябра твайго доўг аддадзім...— I зноў засвяціў белымі зубамі.
— Каб ты хоць да дзяўчат хадзіў...
Ляпнулі дзверцы кабіны.
— Што там яшчэ такое? — пачуўся нездаволены голас капітана.
— Добраахвотнік тут падсеў, таварыш капітан! — далажыў начальнік сувязі.— Трэба высадзіць.
Сяргеіч сунуў мне ў рукі чорствую цагліну хлеба, бляшанку кансерваў і дапамог вылезці.
— Бяжы, брат, да бабулі, ёй дапамагай. I ў школу хутка табе...
У двары патух ужо касцёр. У хаце Глыжка з бабуляй налягаюць на пакінутую штабам пшонную кашу.
— У вас папелі, а ў нас паелі.— Бабуля так заўсёды сустракае мяне, калі я спазняюся на абед.
Я прамаўчаў. Падумаеш, напалохала. У чалавека не такое гора. Моўчкі падаўся на печ.
40. Бацькава пiсьмо
Бульба зазімавала ў полі. Не да яе было: людзей выганялі ў бежанцы, а мы сядзелі ў бабульчыным бліндажы. Тую, што паспелі на агародах схапіць, паелі, а зараз ходзім на поле з ламамі, б'ём імі зямлю, адварочваем цяжкія глыбы, капаем мёрзлую. На полі чорна ад людзей, і бабуля баіцца, што нам не хопіць, таму яна водзіць з сабой не толькі мяне, але і Глыжку. Праўда, помачы ад яго небагата — пасшее, сагнецца крукам. Бабулі мёрзлая бульба больш па смаку, чым з-пад подлогі, якая засталася на насенне, сядзе лупіць — хваліць:
— Глядзі, як лупіцца, што вараная!
— Стане мыць — зноў хваліць:
— Глядзі ты, і белая трапляецца, як быццам і немарожаная.
I драць на драчцы яе не трэба, бо сама распаўзаецца, высушыш — крухмал крухмалам, толькі сырамаццю пахне. I пампушкі, ці, як кажа старая, «лапонікі», з яе атрымліваюцца добрыя. А што крыху гніллю нясе, дык няма чаго нам насамі круціць.