Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 103
Iван Kiрэевiч Сяркоў
— Бач, паны якія! Можна падумаць, што, апроч пячэння, яны нічога і не бачылі.
Ходзяць па вёсцы чуткі: то той пісьмо прыслаў, то гэты. Гавораць людзі, што Пятро-каваль і сам прыйшоў. Праўда, без рукі, але дзякуй і за гэта — усё ж такі мужык, усё ж такі гаспадар у доме. Не баба. Бабе куды ні павярніся — усё прасіць трэба: ці дроў прывезці, ці агарод засеяць. А з мужыком лаўчэй, хоць будзе і без рукі.
Так мяркуе ўся наша хата. А ў хаце цяпер чатыры сям'і пагарэльцаў. Пакуль тыя зямлянкі выкапаюць, але ў цеснаце — не ў крыўдзе.
Я, Глыжка і бабуля, як гаспадары, спім на печы, а астатнія ўпокат на падлозе.
— Ці гэта наш пра дзяцей забыўся, ці ён думае, што я сто гадоў пражыву,— уздыхае старая, калі заходзіць гаворка пра гэтыя самыя пісьмы.
— Адзавецца,— супакойвае яе баба Гапа, а наша бабуля не верыць.
— Ага ж, адзавецца. Можа зямлю парыць ужо. Ён такі ж дурны, як і гэты хлопец, дзе якая ні хвароба — і ён туды лезе, галаву сваю пхае.
Дурны хлопец — гэта я. Толькі не пра мяне размова, а пра бацьку. Мне крыўдна, што бабуля думае пра яго так. Вунь камісар казаў, танк падпаліў. А старая камісаравых слоў слухаць не хоча: дурыў, маўляў, ён нас, а мы вушы развесілі.
Аднойчы ў нядзелю прыйшоў да нас дзед Мікалай. Снег з шапкі абцерушыў, нагамі ў парозе патупаў і неяк па-святочнаму вусы пагладзіў — спачатку адзін вус, потым другі. А пад вусамі ўсмешка.
— Табе што, Мікалай, абаранак далі? — здзіўляецца бабуля, а сама чыгун ставіць на чалеснікі.
— Пісьмо вам,— паведамляе дзед,— ад бацькі.
Ішоў міма сельсавета — забраў.
I на мяне:
— Злазь з печы, грамацей, чытаць будзем.
Ён дастаў з нетраў сваёй бяздоннай кішэні невялічкі, зашмальцаваны трохкутнік, прашыты зялёнымі салдацкімі ніткамі.
Хто яго ведае, як людзі дазнаюцца пра навіны. Не паспеў я ніткі ўспароць, прыбягае цётка Марына.
— Пiсьмо, кажуць, Кірыла прыслаў?
Разгарнуў я пісьмо, зноў дзверы — рып. На парозе Чмышыха-манашка.
— Прыслаў пісьмо Кірыла?
I вось я сяджу ў цэнтры ўвагі. Вакол мяне, хто дзе прымасціўся, суседзі і радня.
«Драствуйце, родныя і блізкія,— чытаю я,— драствуйце, суседзі... Пiшу і не ведаю, ці ёсць каму гэта пісьмо атрымоўваць, ці застаўся хто жывы».
Тут першая ўсхліпнула цётка Марына. Яна ўспомніла маю маці.
— Ой, бедная, не дачакалася, парыць сырую зямельку.
— Ды хопіць, хопіць,— супакойваюць яе, а цётцы ад гэтага яшчэ горш.
— Не магу я, не магу...
Вось гэтую манашку я з хаты выгнаў бы, каб мог. Стаіць, каркае:
— Прыйдзе, мачыху возьме...
Плача баба Гапа. Толькі ў яе свае. Усё па Мірону плача. I ад сына Васіля няма звесткі.
— А ты чытай,— не церпіцца дзеду Мікалаю.
«Калі нікога з сям'і няма, адзавіцеся вы, дарагія суседзі. Я жыў-здароў, чаго і вам жадаю, хаця сербануў усякага: і выходзіў з акружэння, і двойчы ледзь не трапіў у палон, і пад Масквой ледзь танк мяне не затаптаў».
Тут я пераможна паглядзеў на бабулю: што, дурыў камісар? Праўда, я чамусьці не падумаў пра тое, што, калі камісар ляжаў паранены, немцы ад Масквы яшчэ былі далека. Хаця гэта, можа, і другі выпадак. Пра ўсё не напішаш. Зразумела, бацька яго падбіў, інакш затаптаў бы сапраўды.