Читать «Мы з Санькам у тыле ворага» онлайн - страница 104

Iван Kiрэевiч Сяркоў

— Чытай, чытай,— падганяе мяне дзед.

«Але пакуль што, відаць, у Германіі на мяне куля не адліта. Як там наша хата, ці цэлая? Можа усё па ветру пайшло?»

— А лічы, што і пайшло. Адны сцены засталіся,— адгукнулася бабуля. Яе перабіла Чмышыха:

— Не гняві бога, Матрона...

«Зараз я зноў у шпіталі. На гэты раз, відаць, апошні. Адваяваў я свае. Як рана зажыве, відаць, дамоў пусцяць».

— Ну і слава богу. Цяпер мне і паміраць можна,— узрадавалася бабуля.

А дзеду тэта не спадабалася.

— Слава богу, слава богу,— перадражніў ён старую,— а куды паранены? Можа, без рукі ці без нагі...

— Не напісана,— адказаў я.

— А ты пільней чытай! — не паверыў стары.

— Абы галава цэлая! — не здалася бабка.

«Так што адпішыце, як вы там. Як сыны...»

— Рогі растуць,— уставіла старая,

«...як ты, Адарка...»

Тут і я шморгнуў носам, і ў горле нешта перасела, аж голас змяніўся.

Цётка зноў у слёзы.

«...як дзядзька Мікалай і цётка Матрона...»

— Дзякуй, напішы, што мацуемся,— загадаў дзед.

«Усім нізка кланяюся. А яшчэ перадайце, калі ёсць хто ў жывых, давялося мне сустрэць Івана Макавея».

— Гэ, дык гэта ж Санькаў бацька! — здагадаўся я.

«Мінулай вясной разам у шпіталі ляжалі. Праўда, ён выпісаўся раней і паехаў у сваю часць.

На тым застаюся К. Сырцоў».

— Усё?

— Усё,— уздыхнуў я.

— А Васіля майго ён не сустракаў? — спытала баба Гапа, быццам яна і не чула пісьма.

— Не піша.

— А ты, дзетка, будзеш адпісваць, то спытай,— папрасіла Міроніха.

Доўга я пішу бацьку адказ, да самага вечара. Мне падказваюць з усіх бакоў, ад каго перадаваць паклоны, пра каго яшчэ спытаць апрача Міронавага Васіля: пра мужа, пра брата, пра кума.

Пра Саньку я таксама паведаміў. Нядаўна з Ярылавіч пераказалі людзі, што Санька там і каб за ім прыехалі. Яго падабрала тады на парозе сваіх сенцаў адна старая жанчына і доўга лячыла гаючымі травамі.

Калі выпаў добры снег, цётка Марфешка ўзяла санкі і прывезла сына дамоў саматугам. Зараз мой сябра ходзіць па хаце. Мне спіну сваю паказваў: уся ў шрамах, а на левай лапатцы яшчэ і зараз сядзіць вялікі струп, з-пад яго цячэ сукравіца.

— Добрую яны табе пакінулі памяць, хай ім грэц! — гаворыць Санькава маці.

Дык хіба ж толькі яму? Усім людзям на доўгія гады.

Сяркоў, I. К.

С99 Мы з Санькам...: аповесці.— Мінск.: Мастацкая літаратура, 2015.— 477 с.

ISBN 978-985-02-1159-0.

Перевыданне шырока вядомых сярод юных чытачоў аповесцей Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», «Мы — хлопцы жывучыя», «Мы з Санькам — артылерысты...». Праўдзіва і цікава, з уласцівым аўтару гумарам расказваецца ў трох творах, сабраных пад адной вокладкай, аб пакручастых жыццёвых сцежках вясковых хлопцаў Івана Сырцова і Санькі Макавея.

УДК 821.161.3-93

ББК 84(4Беи)-44

Літаратурна-мастацкае выданне

Сяркоў Іван Кірэевіч

МЫ 3 САНЬКАМ...

Аповесці

Адказны за выпуск В. А. Шніп

Мастацкі рэдактар Б. А. Макаранка

Тэхнічны рэдактар Л. I. Астрэйка

Стылістычныя рэдактары Ю. В. Тыркіч, С. В. Умец, Н. В. Філіповіч