Читать «Пінская шляхта» онлайн - страница 3
Винцент Дунин-Марцинкевич
Ціхон. Які чорт дзіця, калі з хлопцамі цалуецца!
Куторга. Дык чаго ж чакаць! Гэта, кажуць, кепскі тавар: мый ды чашы, потым спяшы, − заплаці каму, каб вывез з даму.
Ціхон. Добра, пане Куторга, − бяры сабе дачку, і пасаг дам, толькі зрабі ласку: выцягні з бяды.
Куторга. Як чорта з балота.
Куліна. Парадзъ, пане Куторга, − ты ж такі чалавек бывалы і па судах цягаўся.
Куторга. Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесць: даганяючы не нацалавацца.
Ціхон. Ратуй, ратуй, пане Куторга! Марысю ты ладам угамоніш, − чалавек ты разумны. Як падпусціш лёстачак, як падплывеш селезнем, дык яна і расплывецца.
Куторга. То ведаеце што, пане Пратасавіцкі? Як прыйдзе к вам асэсар, то стаўляйце мяне ў сведкі; хоць я і не бачыў, але буду сведчыць, што ён цябе біў, а ты толькі бараніўся. Не жаль для Марысі скрывіць душою. Толькі ж, пані Пратасавіцкая, прышліце сюды Марысю, каб я мог з ёю пагаварыць ды ўгаманіць дурную, бач, каб не цуралася разумнага чалавека.
Куліна. Памагайце толькі майму Ціхону, а ўжо Марыся будзе ваша; я ёй сама ладам напілую вушы... Пойдзем, Ціхон, прыгатуемся, каб па-гаспадарску прыняць найяснейшую карону. А ты, пане Куторга, пачакай, − зараз прышлю Марысю.
З’ява V
Куторга. Ну, хвала Богу, бацькоў удалося атуманіць! Цяпер трэба пайсці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць. Прынадны, бач, кусочак.
Так, так! У цяперашнім разумным веку хочаш спакойна жыць? Будзь філосафам: бачыш − не бачыш, чуеш − не чуеш, − ба, ба, бы! Ды вось і Марыся ідзе сюды. Якая красачка! Гледзячы на яе, аж слінка па губах цячэ. Ану, Куторга, падпусці ёй лёстачкі...