Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 18
Костас Варналис
20. А вось наблiжаецца i пайтык. Наперадзе яго блiскучыя вочы, а ззаду ён сам. Перш чым паставiць нагу, ён мацае зямлю вачыма - гэтак жа як мул мацае дошкi на мосце. Ён не-не ды i пакерхае, каб на яго звярнулi ўвагу. З намi некалькi яго сяброў. Мы вiтаемся, i ён падыходзiць. Ён шчыра i моцна цiсне нам рукi. Вось такою дужаю рукою ён трымае стырна карабля. Ён нас любiць i ахвяруе сабою дзеля нас! Дзеля нас ён запускае руку ў гарадскую скарбонку i дзелiцца з намi, дзеля нас ён топча законы i радуе нас. Ён навучыў нас даваць iлжывыя клятвы ў судзе i не трымаць свайго слова ў гандлi. Раз ён патрэбны нам, то ён i вялiкi стратэг. Калi салдаты перамагалi, ён праслаўляўся, але калi яны цярпелi паразу, на iм гэта не адбiвалася. Ён не быў вiнаваты. Вiнаватыя былi... пазней я вам скажу, хто быў вiнаваты. I калi ён здаваў войска ворагу, i калi ён прадаваў крэпасць, i калi ён першы ўцякаў з поля бiтвы, хто ж мог асмелiцца абвiнавацiць яго? Ён жа сам быў грамадскi абвiнавачвальнiк. А калi я адводзiў яго ўбок i казаў яму проста ў вочы: "Пане Фёдар, якi ж ты мярзотнiк!" - вочкi яго, нiбыта мышкi, напалоханыя катом, хавалiся ў глыбокiя норкi. Ён быццам костку праглынаў. Якi пан Фёдар? Лiкон i Анiт яго iмя.
21. Справа адразу ж набывае iншае адценне. Яго хаўруснiкi i сябры ўжо закасалi рукавы i краем вока назiраюць, чакаючы знаку. Але ён не такi ўжо i дурны. Ён робiць выгляд, што прымае мае словы за жарт, i гучна рагоча. Ведаеце чаму? Ён пазiрае на мае мускулiстыя рукi, якiя правучылi ўжо шмат каго. Да таго ж вакол мяне сабралася шмат людзей, гатовых стаць на мой бок. Яны не фiлосафы i не мае сябры, гэта такiя самыя нягоднiкi, як i ён сам, яго палiтычныя працiўнiкi. Смеючыся, ён са сваiмi адыходзiць, думаючы сам сабе: "Пачакай, я табе гэта яшчэ папомню".
22. Найбольш хiтрыя сярод iх iмкнуцца дагадзiць мне, каб я iх не лаяў. Яны абвясцiлi мяне "вялiкiм фiлосафам" i слалi мне дамоў розныя падарункi: чырвоныя яйкi i пiрагi на Вялiкдзень, парсючкоў на Каляды, торбачкi з маналадскiм сырам у лютым, пелапанескiх перапёлак у лiпенi, а на мой дзень нараджэння - рыбу, iнжыр, бутлi з вiном i кветкi. Я ўсё адсылаў назад, хоць Ксантыпа i крычала, што я дурань, што з мяне ўсе смяюцца. Хай iдуць да д'ябла! Яны хацелi заткнуць мне рот. Я не мог падабраць слоў. Аднойчы адзiн важны пан прыслаў мне двух сташасцiдзесяцiмесячных рабоў - негрыцянят, якiя нi слова не ведалi па-грэчаску. Чорныя да бляску, з перламутравымi зубамi, залатыя бранзалеты i завушнiцы. "Зрабi iх фiлосафамi", - пiсаў ён. Я загарнуў iх у кавалкi прасцiн (яны прыйшлi голыя) i адправiў iх назад. Чым бы я iх кармiў? Пра гэтае здарэнне ведае шмат хто. У той дзень усхадзiўся ўвесь Каланакi. Жыхары павылазiлi са сваiх лавак i хат i тоўпiлiся абапал вулiцы, каб пабачыць, як негрыцяняты шыбуюць уздоўж вулiцы, узяўшыся за рукi... I што ж вы думаеце? Наплялi, што, маўляў, Сакрат прагнаў iх, бо хацеў белых рабоў!
23. Перыкл, пачуўшы пра мяне такiя размовы, папрасiў Аспазiю запрасiць мяне ў палац. Яна прыслала па мяне, Алкiвiяда. Цi ж мог я адмовiць прыгожаму юнаку i важнай панi? Я пайшоў да iх, думаючы ўсчаць сварку. Але што я iм нi казаў, яны нi слова не запярэчылi. А калi я напаў на "Алiмпiйскага Зеўса" за рамантычнае плявузганне, якiм запоўнены эпiтафii, ён пакiваў сваёй шылаватай лысiнай i перавёў размову на тое, каб я прайшоўся сваiм языком па ягоных ворагах i расказаў колькi непрыстойных показак.