Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 20

Костас Варналис

ЧАСТКА ЧАЦВЕРТАЯ

1. Але мне ўжо абрыдла гуляць з вамi. Час растлумачыць вам маю фiласофiю. Ну, што спахмурнелi? Вам не падабаецца тэорыя, га? Вам болей прыйшлася б даспадобы якая-небудзь плётка? Ну, напрыклад, як у мяне закахалася Феадота? Ды ў мяне няма часу. Трэба, перш чым я памру, паведамiць усiм, што Сакрат зразумеў памылкi свайго вучэння i пакаяўся. Ну вось, Феадоце сказалi, быццам мне не даспадобы жанчыны (мне!). Гэта яе засмуцiла. I яна ўзяла за мэту спакусiць мяне. Раз-пораз яна запрашала мяне на сваю вiлу, каб пагутарыць пра фiласофiю. I кожны раз, калi я прыходзiў, ставалася так, што яна купалася, нацiралася i голая рэпецiравала перада мной новыя танцы. "Ты чалавек разумны, - казала яна, - ты зразумееш мяне правiльна". Потым яна выцягвалася на канапе, садзiла мяне побач; яе гарачыя асляпляльныя грудзi ўзнiмалiся i апускалiся, а я тым часам апавядаў ёй пра неўмiручасць душы. Яна перабiвала мяне на паўслове i казала: "Я ведаю шэсцьдзесят спосабаў кахання". А я аддаваўся разважанням. "Што з табою?" - пыталася яна. "Я думаю, якi з тваiх шасцiдзесяцi спосабаў самы... фiласофскi, абсалютны..."

Галасы: "Якi? Якi?"

2. Вось бачыце, як неабходна ведаць фiласофiю? Гэтак i Феадота - усё пытала i перапытвала: якi?, пакуль, каб адчапiцца ад яе, я не сказаў: "Спосаб гэта такi: спачатку трэба бязлiтасна лупцаваць жанчыну, i тады, калi яна пачне крычаць, i валяцца на падлозе, i дрыжаць, павалiць яе на спiну". I вось яна, гэты д'ябал, прыгарнулася да мяне, млява стулiла павекi i прашаптала: "Адлупцуй мяне".

3. Я расказаў вам гэта не дзеля таго, каб вас падражнiць. Я хацеў такiм чынам увесцi вас у сваю фiласофiю. Зноў спахмурнелi? Старажытныя элiны, так вы баiцеся думкi. Супакойцеся. Вам, "Зевесавым суддзям", не давядзецца пакутаваць ад галаўнога болю. З усiм гумарам, што яшчэ застаўся ў мяне, я пасмяюся зараз са сваёй фiласофii. Як разумныя афiняне вы, напэўна, ужо напалову зразумелi, што калi не iснуе ў палюбоўных справах абсалютнага "спосабу", то тым болей яго не iснуе i ў "высокiх" матэрыях.

4. Перш-наперш я не фiлосаф. Я не стварыў нiякай сiстэмы, не ўзвёў светлага храма Думкi з калонамi, панiкадзiламi, з царскаю брамаю i святынямi. Я знайшоў толькi свой метад разважання. Скандальны Дэльфiйскi храм, над якiм не рассейваецца дым, гэты Пуп Зямлi, пацвердзiў маю прыналежнасць да мудрацоў, а не да фiлосафаў. I ён ставiць мяне ўпоравень не з вялiкiм Пiфагорам, Эмпедоклам, Анаксагорам i iншымi, а з Сафоклам i Эўрыпiдам - двума паэтамi. Пэўна, ён хацеў пакпiць не толькi з мяне, але i з iх, дапускаючы, што яны ведалi яшчэ меней за маё "нiчога", i ставячы мяне на адзiн капыл з двума славутымi "балбатунамi", - за iмi пачуццi, за мной - развага. Нават сябры не называлi мяне фiлосафам, а "настаўнiкам" цi "панам старшынёю".