Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 16

Костас Варналис

13. Яна прыносiць мне сняданак (вiно i хлеб у глiняным кубку) i, буркочучы, iдзе да крынiцы па ваду. Потым вылiвае мне на галаву поўнае вядро. I пакуль я паспешлiва выцiраюся рукавамi i расчэсваю пальцамi бараду, яна пачынае дапякаць мяне: "Цэлую ноч не даў мне заснуць. Брыкаўся, хроп, скрыгатаў зубамi i смярдзеў часнаком. Хоць бы дзяцей пасаромеўся!" (Усе мы спiм у двары, на зямлi, адно каля аднаго.) Тут у мяне вырастаюць крылы, я шчыпаю яе за локаць - i ў дарогу! Калi толькi яна не аблае мяне зрання, я ўвесь дзень хаджу кiслы i невясёлы.

14. Раней чым узыдзе сонца, я збiраю букет кветак i выходжу. Парачка вераб'ёў спалохана ўспырхвае i крэслiць у паветры дзве светлыя лiнii ад конскага гною, што ляжыць на дарозе, да вяршынi суседняга персiкавага дрэва. Я паварочваю направа i выходжу на прастор... у сады... у далiны, каб глыбей уздыхнуць i даць душы палёгку. Здаля, з вялiкай дарогi, даносiцца грукат першых павозак, што спускаюцца ў Афiны, поўныя свежай гароднiны. Неўзабаве плямканне падкоў па бруку i лаянка паганятых злiваюцца ў суцэльны гул. З вёдзер i ночваў выплёхваюць мыльную ваду i памыi. Старэчы кашаль i пляўкi пляскаюць аб галовы багоў. Старыя карчы! Прачынаюцца завiдна i iдуць судзiць цi засядаць у народным сходзе за грошы. Пакуль я спускаюся на базар, зграi мух, пыл, смурод, чалавечы бруд паскудзяць некрануты дзень.

15. Я бачу, што мiж калон сабралiся Калiя, Прыфцiс, Дэдэ, Гiна, Дэдэгiна вялiкiя людзi. З iмi i пан Нехта. А калi няма, дык прыйдзе. Я падыходжу i жадаю ўсiм добрага ранку. Я паведамляю iм важныя навiны дня - пра асла Мялецiя, якi ўчора адвечарку сарваўся з прывязi i пабег у Туркуванню следам за манернай аслiчкай, пра скiслае вiно дзядулi Хрыста, пра Папаламбрэну, якая нарабiла ляманту на ўвесь квартал з-за гурка, што купiла ўчора на базары ў гандляра зелянiнай. Гурок той быў i малы, i горкi, як асiнавая кара.

16. Але хто ж гэты пан Нехта? Сафiст, палiтык, вершаплёт. З тых, хто лiчыць сябе ўсёведным i ганарыцца сваiм уменнем хлусiць. Я прымушаў iх шалець. Не таму, што хацеў здавацца лепшым за iх. Якая рознiца - быць першым цi апошнiм мiж апошнiмi, што ўяўляюць сябе першымi? Я iх душыў, як душаць блашчыц, бо не iмкнёмся ж мы палепшыць блашчыц i выратаваць ад iх суседзяў цi будучыя пакаленнi элiнаў. Толькi адзiн воўк, як сцвярджаюць, змог перавыхавацца i стаць богабаязным, адмовiўся есцi жывую плоць i еў толькi вараную траўку, па якую зрання хадзiў на базар.

Што ж да вас, мала чаго вартых плебеяў, то, акрамя жалю, я да вас нiчога не адчуваў. Нi розум ваш, нi сэрца, нi справы не належаць вам. Вы адчуваеце, думаеце i робiце тое, што выгадна Ваўку. Ваўкi давялi вам, што, па справядлiвасцi i паводле волi божай, iм наканавана есцi чалавечыну, а вам вараную гароднiну, дый то, калi знойдзецца.