Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 17
Костас Варналис
17. Сафiсты! Якая велiч! Яны прыходзiлi здалёку. Высокiя, таўстыя, задаволеныя. Як людзi, што аб'ездзiлi паўсвету, яны за якi-небудзь тыдзень рабiлiся сапраўднымi, прыроднымi афiнянамi. Апранутыя ў чырвоныя мантыi, абсыпаныя залатымi зоркамi, завiтыя i нафарбаваныя перад люстэркам, яны ступалi няспешна i паважна, нiбы цары, абапiраючыся на свае разныя посахi з навершам са слановай косцi. Яны лiчылi нас правiнцыяламi, а хiба ж мы iмi не былi? Чужы акцэнт надаваў iх прамовам пявучасць i слодыч. Так нязвыклае маўленне тонкiх вуснаў i лёгкая касавокасць чуллiвых вачэй робяць жанчын яшчэ больш прывабнымi i жаданымi. Кожнае iх слова грымотна гучала ў вашых вушах, быццам гэта мянялы спрабавалi манеты на каменi, але вы нават не iмкнулiся адрознiваць сапраўднае ад фальшывага. Пегас iх рыторыкi ўзнiмаў вас да бясконцых вышынь iх узнёсласцi, а ваша сэрца, быццам Пентэлейская пячора, падвойвала i патройвала рэхам iх прамовы. Губляючы глебу пад нагамi, вы напрыканцы страцiлi i самiх сябе, ператварыўшыся ў ценi падземнага царства. Варта толькi мне было ў iх спытаць: "А цi ёсць у вас палiтычныя правы, каб гэтак гарлапанiць?" - як вiдовiшча адразу псавалася. I з вышыняў, дзе вы луналi, вам даводзiлася ляцець старчака на каменне i разбiвацца, нiбы чарапахам старога Эзопа. Хiба ж можна было мяне цярпець?
18. Што ж да мяне, дык свае палiтычныя правы я запiсаў на старых сандалях. Я нiколi не хадзiў галасаваць, каб выбраць злодзея, якi будзе абiраць мяне, i ката, якi мяне прыкончыць. Я гэтак пытаўся ў сафiстаў, каб раззлаваць вас, а мне пасмяяцца. Сафiстам добра плацяць. Пяць мiн, пяцьдзесят з паловай цяперашнiх драхмаў! Значыць, iхняя мудрасць вартая такiх грошай! Па кошце пазнаецца вартасць тавару. Свае бедныя веды я раздаваў дарма, але нiхто iх не прымаў. Гэта значыла, што яны былi нiкуды не вартыя. Але гэта значыць i нешта iншае: калi я так настойлiва, з такой упартасцю, з пагрозай для свайго жыцця прапаноўваў iх вам, значыць, мне плацiў нехта з вашых ворагаў. Прапаганда! Славяне мне плацiлi, каб я разладзiў дзяржаўны механiзм iдэалогii. Ды калi я змог паздзекавацца з усёведання вашых вялiкiх сафiстаў, гэта не значыць, што я меў рацыю, але гэта значыць, што я быў куды хiтрэйшы i больш здольны за iх. Я мог зрабiць белае чорным. Знак часу! Вывертамi слоў i здрадай вы растапталi само паняцце "правасуддзе" i ўсклалi ўсю вiну на мяне. Маўляў, я сваёй iронiяй i сваiм вучэннем пахiснуў у душах грамадзян усялякi давер да законаў.
19. Значыць, я таксама быў адным з сафiстаў. Каб жа я iм быў! Мне шкада, што, здзекуючыся з iх тэатральнай рыторыкi, я наносiў удар i па iх вялiкiх iсцiнах. Калi ж я ўрэшце дамогся, каб вы iх выгналi, я пачаў разважаць над iх прамовамi. Якая збянтэжанасць узнiкла тады ў маёй душы! Як шкада, што я не паспеў раскрыць сваю душу свету да таго, як вы схаваеце яе пад сажнем зямлi. У канцы сваёй прамовы я ўсё-ткi высыплю на вас скарпiёнаў, што даўно вярэдзiлi маё сэрца.