Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 19
Костас Варналис
А Аспазiя рагатала i гладзiла сваiмi боскiмi лiлейнымi пальчыкамi вось гэты драны плашч, цiхенька шэпчучы: "Здымi ты яго, сябра, я яго табе зацырую". Мяне прынялi з вялiкай пашанотай i слухалi з вялiкай увагай i захапленнем. Але не праз гэта я не аблаяў Перыкла. Ён даў мне слова, што зробiць усё, каб паладзiць з пелапанесцамi i скончыць вайну. Цяпер я разумею, што ён смяяўся з мяне. Ён адзiны, хто за ўсё жыццё ашукаў мяне. Каб ён жыў, ён бы ўсё яшчэ ваяваў. Улада i вайна не могуць адно без аднаго. Здаецца, я адышоў ад тэмы... Старэчая балбатлiвасць... Даруйце мне...
24. А паэты? Пiфii мужчынскага роду, якiя размаўляюць з багамi, як старыя сваякi. Зграбныя, млявыя, яны, кiваючыся, праходжваюцца туды-сюды i сеюць наўкола водар парфумы i звонкi смех, потым раптоўна спыняюцца, каб, вытрашчыўшы вочы, пазiраць на зоры сярод белага дня. У гэтую хвiлю да iх спускаюцца анёлы божыя i запрашаюць iх на Алiмп Дурасцi. Там яны п'янеюць, а тут прарочаць. Манiяй вершаў яны вызваляюць нас ад мiтуснi. Яны надаюць вечнасць усяму, да чаго дакранаецца iх подых. Дзякуючы iм свет робiцца лепшым i на зямлi пануюць душа i Бог. Ну возьмем хоць бы Мiлета. Калi яны траплялiся мне на вочы, я вiтаў iх такiмi словамi: "Прывiтанне табе, салодкая Марыка!" i на мяне злавалi i яны, i iхнiя сябры. Але вось усё пайшло наўскасяк, i Марыка-Мiлет стаў маiм першым абвiнаваўцам i смяротным ворагам.
25. Дарэчы, на мяне пiсалi з'едлiвыя эпiграмы, якiя абышлi i Крым i Рым. Дайшло да таго, што Арыстафан, адзiны, хто варты называцца паэтам, бо быў мiзантроп i стары казёл, вывеў мяне ў п'есе, i я стаў галоўным героем у "Воблаках". Народ смяяўся, пакуль мяне не вымусiлi стаць на крэсла, каб лепей разгледзець. З таго часу я стаў "славутым" чалавекам. Пра мяне гаварыла ўся Грэцыя. Пасля прадстаўлення сябры забралi мяне, i мы пайшлi ў шынок адзначыць маю славу. Мы ж, вядома, набралiся да пасiнення i спяялi процьму ўдалых песень. Толькi на досвiтку я вярнуўся дамоў. Я iшоў на дыбачках, каб мяне не пачула Ксантыпа. Ды дзе там! Пачула, ускочыла i пачала даваць прачуханку. "Ведаеш што, - сказаў я, - ад сённяшняга дня я самы вялiкi чалавек ва ўсiм свеце. (Я сказаў ёй гэтак, каб яе супакоiць.) А ты мяне нi ўва што не ставiш. Мяне ж паказваюць у тэатры". Яна прадзерла вочы i вымавiла: "Золатка маё!" А потым упершыню ў жыццi абняла мяне i пацалавала. Ранiцою яна ўжо каялася. "Глядзi ж, знайдзi сабе якую-небудзь работу, уладкуйся i пакiнь усё гэта. Стары распуснiк i невук!"
26. Такое здаралася са мною не кожны дзень. Найчасцей я стараўся пазбягаць людзей. Спусцiцца да шматаблiчнага i зменлiвага, як прагная палюбоўнiца, мора. Кiнуцца ў яго i абняць, нырнуць глыбока, вельмi глыбока, да нерэiд i трытонаў. А потым - валяцца на пякучым пяску, ляжаць на гарачым сонцы, каб яно скакала, нiбы мячык, на маiм круглым жываце. Потым я iшоў бакавымi вулкамi i прабiраўся да Iтанiдскай брамы. Там, стоячы то на адной, то на другой назе, я здымаў свае сандалi. Я зацiскаў iх пад пахай, каб не сцiраць падэшваў, i - раз-два, раз-два - спускаўся ў Фалеру. Часам надаралася ступаць у бруд (iм поўныя завулкi прадмесцяў). "Клянуся сабакам, - мармытаў я. - Лепей ужо ступаць у бруд, чым сустракацца дзень пры днi з жабракамi i хлусамi, элiнамi з элiнаў".