Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Костас Варналис

9. Маючы такi магутны арганiзм i добры настрой, чаму ж я не сеяў наўкола радасцi i бадзёрасцi, а толькi разлiваў усюды атруту i жоўць? Бо ў мяне магутны розум i я вас бачыў наскрозь, быццам шкляных. I, ведаючы, што я вас не выпраўлю, я смяяўся з вас. О, iронiя - рэч не самая простая. Гэта i гульня i мастацтва. Трэба мець багатае ўяўленне, вялiкую развагу i багаты жыццёвы вопыт. Трэба ўмець гуляць ёю лёгка i весела, без намаганняў. Iронiя не пачатак: не, гэта - канец фiласофii. Трэба прайсцi спярша праз драму одуму i адчаю, каб дайсцi да смеху, да горкага смеху. Калi зможаш дайсцi.

10. Часцей за ўсё я стараўся не бачыць вас. Часам я iшоў да мора, часам у палестру. Побач з дзецьмi, з iх дужымi i зграбнымi, як каласы, целамi я забываўся гэтак жа, як i перад бязмежным морам цi вясновай ранiцай. Смех, гоман, гарэзлiвая тузанiна i вясёлы вецер паволi ап'янялi мяне i ахiналi салодкай меланхолiяй. Мне хацелася стаць неразумным дзiцём, i на мяне навальвалася неадольнае жаданне паваляцца ў пыле, як робяць гэта ўлетку аслы з сядлом на спiне, i раўцi-раўцi, як яны. Калi б у той момант да мяне хто-небудзь падышоў, каб вывесцi мяне з маёй летаргii, я б разадраў яго на шматкi. А потым я iшоў, панiклы i задуменны, i лiчыў крокi - дзесяць... тысяча... дзве тысячы... Я i сам не заўважаў, як апынаўся на лузе. Вось, вось, вось! Я хвастаў кiем па траве, i яна слалася па зямлi. Так я супакойваўся i забываў, што я не стану дзiцём, вы - людзьмi.

11. Лета! Залаты час для бядоты. Толькi летам жылi поўным жыццём маё цела i мае думкi. Уся мая iстота гучала i пенiлася радасцю, як серабрыстая таполя на беразе, поўная бляску, птушак i цыкад. А сярод карэння тулiлася мая душа, як змяя з высока ўзнятай галавой, i грэлася на сонцы, збiраючы атруту. I бяда таму, каго яна ўкусiць! I собiла ж вам судзiць мяне слаўнай летняй парой, у квiтнеючым траўнi! Якраз тады, калi ў мяне асаблiва шмат атруты. Каб цяпер была зiма, вы б ад мяне i слова не пачулi. А цяпер я насмiхаюся i радуюся, кусаючы вас.

Тут Сакрат каўтануў слiну, кашлянуў раз-другi i працягваў. Ён пачаў апавядаць суду пра звычайны дзень свайго жыцця.

12. Лежачы ў двары на ваяцкiх коўдрах пад зоркамi, я ўсю ноч не мог стулiць веяў: не давалi заснуць мошкi, блашчыцы, думкi. Мошак мне пасылалi зоркi, блашчыц - сцены (хацiна ж старая, ведаеце), а думкi прыносiла злосць. Здаецца мне, што злосць - гэта боская стыхiя. Мазгi мае заўсёды працуюць, нават калi я засну. Я аналiзую дзённыя размовы, расстаўляю iх па парадку, размяркоўваю. Вось так я i знаходжу знiшчальныя пярэчаннi, якiя i выдаю ранiцай на гарадскiм пляцы. Вось пабачыш, што я зраблю з табою, пане Нехта. Паступова ўсё ўнутры ўва мне супакойваецца, i, калi ўжо робiцца зусiм позна, павольна i цяжка заплюшчваюцца мае вочы. А ледзь толькi паружавеюць шчокi дзяннiцы, я падскокваю i кукарэкаю пеўнем, дражнячы Ксанцiпу.