Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 11
Костас Варналис
17. Трыццаць тыранаў хапалi i забiвалi ўсiх без разбору. Яны скасавалi законы, суды, народныя сходы - "суверэнiтэт народа". Яны скалацiлi сваю раду з бандытаў i людабойцаў. "Вось гэтага мы прыкончым: раз-два - i гатова!" Яны ведалi, што панаваць iм нядоўга, таму i спяшалiся. Вы ж хочаце застацца назаўжды, таму i ствараеце нейкую ўяўнасць законнасцi. I дзеля таго каб трымаць як мага далей ад скарбонкi - гэтага карыта - пяць тысяч беднякоў, вы надумалiся даць палiтычныя правы толькi тым, хто належыць да вашага асяродка радавiтым i маёмасным. Тыраны забаранiлi свабоду слова i навучанне рыторыцы, вы ж дадумалiся забаранiць свабоду думкi i навучанне фiласофii. У iх вы запазычылi танны i хуткадзейны смяротны напой - смярдзючую атруту, якой вы збiраецеся сёння напаiць мяне. Рэспублiка ваша, як бачыце, ёсць замаскаваная тыранiя.
18. "Мы не кручкатворы, мы толькi ўжылi закон..." - чую я нечыя крыкi. I кажу вам: толькi парушыўшы закон, вы б маглi мяне апраўдаць. Бо мэта вашых законаў - караць пакрыўджаных, але не вiнаватых i не даваць абкрадзеным красцi. Закон - гэта воля моцных i бездапаможнасць бязвольных. Справядлiвасць ваша - усяго толькi выгода мацнейшых. Я i сам сёе-тое пра ўсё гэта здагадваўся, але раней за мяне пра гэта загаварыў вядомы вам Пол, якi вымусiў мяне быць ягоным апанентам. У нашай мове "той, хто кiруе" значыць "мацнейшы". А Салон нават выхваляўся, што ён зрабiў парадак у дзяржаўным бязладдзi, "спалучыўшы з законам сiлу i справядлiвасць". Iнакш кажучы, ён забяспечваў сiлу права - гэта значыць, выгоды мацнейшых.
19. А хто ж такiя "мацнейшыя"? Не тыя, у каго самыя здаровыя i натрэнiраваныя целы - волаты Мiлан, Геракл... легкадумны Геракл, якi, нягледзячы на свае магутныя бiцэпсы, стаў пасмешышчам у подлай бабы, узяўшы ў рукi праснiцу i надзеўшы спаднiцу. Не тыя, у каго самыя здаровыя i непатрэбныя мазгi: фiлосафы, паэты-сатырыкi i ўсе мiзантропы i здзяцiнелыя старыя. Не тыя, у каго самыя здаровыя душы: Праметэй, Леанiд, Кiнегiр - мiфiчныя асобы, плён фантазii баязлiўцаў. Дужэйшыя заўсёды i ўсюды адны, гэта - зладзеi.