Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Костас Варналис

2. Вам, грамадзяне афiняне, пудзiлы здаюцца людзьмi, а вятры - багамi; я ж гляджу на людзей як на нiкчэмныя пудзiлы, а на багоў - як на вятры.

Вы жывяце пад уладай сноў, я ж бачу рэчаiснасць. Бачу, бо ў мяне болей розуму, чым у любога, хто калi-небудзь жыў у нашай краiне. Я ўмею глядзець, i таму ўсё мне здаецца чорным i змрочным. Калi я зразумеў, што наўкол мяне не душы i дух, а грубыя вантробы, што жыццё не мае анiякае мэты, апрача смерцi, я перастаў ганяцца за шчасцем i iмкнуцца быць лепшым, чым я быў. Я спакваля аддаўся сваiм слабасцям - сваёй моцы. Лайдак, якi адкрыта смяяўся з вас i патаемна з самога сябе, я iмкнуўся забыцца на сённяшнi дзень, на ўчарашнi, на заўтрашнi - забыцца на смерць.

3. Я не Апалон, каб здзiраць з вас скуру крэмневым нажом, я быў сынам бабкi - подлым вырадкам. Я здзiраў з вас скуру бадай штодзень - сваёй мудрасцю, iронiяй. Лепшымi я вас не зрабiў, я вам толькi назаляў, разумеючы, што рана цi позна вы мяне зжараце. Я здзекаваўся i са сваёй мудрасцi: я ведаю, што нiчога не ведаю. Значыць, тое, што я ведаю - нiчога не варта! А таму я не марнаваў часу на запiсы сваiх думак. Калi б я iх запiсваў, вы б спалiлi мае кнiгi на плошчы, як спалiлi кнiгi вялiкага Пратагора. Страцiўшы ўсялякую надзею, я з радасцю дазволiў вам забiць мяне. Я не скарыстаў дзеля выратавання нi палiтычную сiлу, нi грошы сяброў, нi хлусню. I калi б вы пакiнулi адчыненымi дзверы турмы, я не збег бы. Навошта? Каб яшчэ пажыць? Цi не думаеце вы, што, усё болей старэючы, я змог бы перад смерцю спужацца, пакаяцца i паклiкаць папа, каб паспавядацца? Якi сорам!

4. "А чаму ты не злупiў шкуру з Ксантыпы, якая малацiла цябе чаравiкам па шчацэ?" Дык я ж быў фiлосаф. Я прызнаваў, што яна мела рацыю. Я ўсклаў на небараку ўвесь цяжар хатнiх турбот, а сам швэндаўся па вулiцах з багацеямi ды правiцелямi - Алкiвiядам, Перыклам, Кратонам, Калiем Заможным... I жыў сабе не тужыў. Дзецi хадзiлi басанож, а яна iх выхоўвала, каб яны былi "добрымi грамадзянамi", як i вы. Калi яны лаялiся, хлусiлi i лазiлi па суседнiх агародах, яна iх не чапала, але калi яны падалi i дралi сваю вопратку, яна лупцавала iх без усякага жалю. "Не бярыце прыклад з вашага нiкчэмнага бацькi!" Вядома, у нас была хацiна, катух, свiнчо ў хлеўчуку, пяцьсот вiнаградных лоз у прадмесцi Гудзi i каля сарака алiваў. I пра ўсё гэта даводзiлася клапацiцца ёй адной. Хiба ж гэта жыццё? З гадамi яна, небарака, канчаткова знясiлела. Сварылася з-за дробязяў з суседкамi (я раненька ўцякаў з хаты). Варта было ёй прыйсцi да крынiчкi са сваёй пасудзiнай, як усе адыходзiлiся ўбок i давалi ёй набраць першай. Усе баялiся яе кiпцюроў i языка.