Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Костас Варналис

9. Я казаў, што ўва мне жыве нейкi дэман, якi мною кiруе. Я мусiў казаць так, каб вытлумачыць прасцячкам, чаму мой розум пераўзыходзiць iншыя розумы. Гэта зусiм не значыць, што я падрываў рэлiгiю. Iснуе столькi маленькiх багоў (цэлы мурашнiк.!), што iх немагчыма палiчыць, i iмёны iх нам не вядомыя. I калi ў кожнай крынiчцы, у кожным дрэве, у кожным дупле тулiцца па адным бажку, то чаму б яму не тулiцца ў Сакраце, якi ўяўляе больш прыстойнае жытло для багоў, чым нейкi там валун, якаясьцi сажалка цi галавешка з печы альбо наогул якая-небудзь дзiрка? Калi ў кожнага вар'ята ўсяляецца якi-небудзь бог, каб стаць прычынаю яго вар'яцтва, то чаму бог не можа ўсялiцца ў мудрага Сакрата, каб зрабiць яго яшчэ мудрэйшым? I калi ўсе хваробы i п'янства, i сны, i сненнi, i смерць, i нават чыхаўка ды кашаль - багi, дык чаму Iронiя не можа быць богам?

10. А што, калi мой дэман - новы божачкаў сын? Першы-лепшы поп з Усходу прыносiць сюды i падсоўвае вам то аднаго, то другога бязладнага бога - як Сабазiя, Кацiто цi Афрадыта - i вы iм з радасцю пакланяецеся. I калi вы дзеля такiх багоў нацягваеце спаднiцы i аздобленыя карункамi панталоны i несамавiта скачаце, вiхляючы азадкамi i жыватамi, нiбы жанкi; i калi вы лiчыце, што богу даспадобы, каб вы прысвячалi сваiх рабыняў, рабоў i нават сваiх дачок ды самiх сябе Афрадыце, Афiне, Апалону i аддаваць "свяшчэнную плоць" ахвочым да яе, каб складна плявузгалi языкамi i дармаеднiчалi прапаведнiкi - Еўмапiльд ды iншае папоўскае насенне, - дык у чым жа правiнiўся ты, сцiплы мой дэман, што сядзеў сабе цiхамiрна i падбухторваў мяне да пошукаў Справядлiвасцi, не ходзячы па людзях з тацамi i не патрабуючы сабе храмаў ды ахвяр? Ад вас не патрабавалася дзеля яго нават спускаць штаны. I, зрэшты, пасля маёй смерцi ён пайшоў бы разам са мною, каб нам болей нiколi не вяртацца ў вашую праклятую краiну!

11. Вось што думаюць самыя гаспадарлiвыя сярод вас - "гуляю трыста дзён у год, п'ю, качаюся ў гразi, лупцую жонку, краду з царкоўнага карца, займаюся кантрабандаю, ашукваю пакупнiкоў, даю хлуслiвыя клятвы, шпiёню i нiкога не чакаю. Я не хаджу прапаведаваць iншым бязбожнасць. Я магу не верыць, але натоўп... Гэтыя пачварныя зямельныя чарвякi, гэтыя брудныя партовыя пацукi, гэтыя галодныя базарныя сабакi - ледзь толькi яны пазбавяцца веры ў бога, хто iх стрымае? Спярша хай стануць культурнымi!" Але да гэтага яшчэ не дайшло... Рэлiгiя, як вы кажаце, падмурак айчыны i маралi. Пазбаўлены страху божага натоўп кiнецца на чужыя грошы, маёмасць i ўсё астатняе i пасадзiць на кол сваiх ахоўнiкаў. Вам нявыгадна, вы не хочаце, каб народ рабiў гэтак, як вы. I вось вы кiдаеце яму пад ногi мой нiкчэмны труп, каб народ не забываўся на тое, што бязбожнасць - найвялiкшы грэх... Але я ж "падрываў мараль"! Паганiў дзяцей! Якiх дзяцей?

12. Усiм маiм вучням было за сорак. I яны былi зусiм не вучнi, а сябры. Калi дзецi бегалi ззаду за мною, не мог жа я iх прагнаць. Дзецям патрэбны смех i жарты. Ад фiласофii i падобных рэчаў iх нудзiць: яны дражнянь настаўнiка, школа iм абрыдае, i яны ўцякаюць з яе. Я iх вучыў - сцвярджаеце вы - што яны маюць права звязваць i лупцаваць бацьку, калi той п'е альбо выкiдае грошы на гульбiшча цi на жанчын, калi ён дзяцiнее цi трацiць розум. Гэта я казаў не дзецям, гэта я казаў бацькам. Тут, я мяркую, усё ж ёсць нейкая рознiца.