Читать «Сапраўдная апалогiя Сакрата (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Костас Варналис

20. "Казкi..." Добра, раскажу вам дзеля разнастайнасцi адну казку. Аднойчы зладзеi першай у свеце дзяржавы, дастаткова разбагацеўшы, вырашылi ўпарадкаваць сваё жыццё. Яны пералавiлi ўсiх немаёмных у дзяржаве i, сабраўшы iх на пляцы, сказалi: "Рукi ўгору! Мы хочам вам дабра. Мы не будзем адбiраць у вас нi рыдлёвак, нi кiрак, нi сякер, нi вашых кошыкаў i торбачак з полуднем, нi вашых iрваных завашыўленых сарочак, нi вашага жытла з дзiравымi стрэхамi. Вы вольныя (рукi ўгору!). Вы вольныя жыць, як вам хочацца - зарабляць грошы i складваць iх у торбачку, пiць, скакаць, пладзiцца i памiраць. А мы будзем вучыць вас... iсцiне. Мы дамо вам багатае ўяўленне i спагадлiвае сэрца, мы дамо вам бессмяротную душу. А хто схоча, хай пiша вершы, выводзiць тэорыi i набывае сабе славу. Уладарыць будзеце вы. Мы будзем толькi вамi камандаваць. Мы будзем рупiцца пра вашую бяспеку, пра ваш гонар i пра вашую маёмасць карацей, пра вашу волю. Вы будзеце працаваць як хочаце, дзе хочаце i калi хочаце. Мы будзем вам даваць працу - калi яна будзе, - а вы будзеце аддаваць нам вашу працу. А каб вы не падумалi, што мы з вамi несправядлiвыя, мы таксама будзем плацiць столькi сама, як i вы, падаткаў дзяржаве - гэта значыць самiм сабе.

21. I над намi, i над вамi будуць адны i тыя багi, якiя загадаюць вам працаваць i не есцi, а нам - сядзець склаўшы рукi i сiлкавацца. I над вамi, i над намi будуць адны i тыя законы, якiя мы ахвяруем вам i за якiя вы прагаласуеце як дэпутаты i якiя вы будзеце ўжываць супраць самiх сябе як суддзi. А каб не нападалi на вас з усiх бакоў чужынцы, пiраты ды зладзеi, квапячыся на вашыя нiкчэмныя набыткi, для таго, каб яны не зняволiлi вас, вашых жонак i дзяцей, мы вас узброiм i навучым баранiць сваiх багоў, самiх сябе i нас - гэта значыць айчыну. Вы будзеце гiнуць у сечах, а мы будзем жыць. I паколькi вы самi не здолееце зразумець сваiх iнтарэсаў, каб ахоўваць iх i сябе, мы вас сiлком прымусiм рабiць гэта (рукi ўгору!). Толькi адно мы вам забараняем - красцi адно ў аднаго. Бо гэтак вы i нас зможаце абкрасцi.

22. Вось так народ свабодна працаваў i свабодна думаў. I спяваў у шынках весела, як дрозд на галiнцы (у клетцы). А збавiцелi палежвалi сабе ўзiмку ў цёплых палацах i пад дрэвамi ў квеценi летам, i рой прыгожых жанчын шукаў вошай у iхнiх галовах, казычучы ў iх за вушамi (вельмi прыемна!). Iх дабрабыт быў магутнасцю айчыны, а бессаромнасць - ачышчэннем. А калi народ, даведзены да роспачы, сяго-таго з iх праганяў, дык на iх месца - каб працягваць iх абкрадаць - знаходзiлi iншых: без "збавiцеляў" народ ужо не мог нi жыць, нi думаць.

23. Смейцеся сабе, грамадзяне афiняне! Такой дзiўнай дзяржавы не было на свеце i нiколi не будзе! Вось бачыце, казка... Цяпер вы запатрабуеце прыказку. Дзе мне яе вам узяць? Адно вам толькi скажу: "Бяда чалавеку, якi трапiў у няволю i, даведзены да найвялiкшага адчаю, здаецца дзеля паратунку на лiтасць багам i законам зладзеяў!"

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

1. I чаго чакаць ад гэтай прыпыленай брыдоты, што пырскае атрутай? Ён цэлымi днямi бадзяўся па базары, чапляўся да занятых сваёй справай людзей, быццам яны былi вiнаватыя ў яго няўдачах. Усе ўцякалi ад яго, як чорт ад крыжа. А ён потым выхваляўся, што не патрабуе платы за сваю мудрасць. Толькi гэтага не хапала: чапляецца са сваёй мудрасцю, ды яшчэ плацi яму! Вось цяпер яму заплачана як след. Заўтра мы не будзем нi бяднейшыя, нi багацейшыя; затое адным назолам будзе меней.