Читать «Мур (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Жан Поль Сартр

- Падыдзi.

Я падышоў. Ён устаў, узяў мяне за руку вышэй ад локця i зiрнуў так, нiбыта хацеў увагнаць у зямлю. Адначасова ён з усяе сiлы сцiснуў мне бiцэпс. У гэтым не было намеру зрабiць мне балюча - гэта была проста такая гульня: ён хацеў панаваць нада мною. Вiдаць, ён лiчыў, што дзеля гэтага трэба яшчэ i дыхаць сваiм прагнiлым подыхам мне ў твар. Пэўны час мы стаялi ў такiх паставах; мяне гэта хутчэй смяшыла. Падобных прыёмаў было яўна мала, каб збянтэжыць чалавека, якому наканавана памерцi: яны мяне не краналi. Нарэшце ён груба адштурхнуў мяне i сеў.

- Тваё жыццё цi яго, - сказаў ён. - Выбiрай. Калi прызнаешся, дзе ён, табе падораць жыццё.

Два гэтыя афiцэрыкi, з iх рыпучымi i блiскучымi ботамi, элегантнымi, тонкiмi нагайкамi, - гэта былi ўсяго толькi звычайныя людзi, якiм таксама было наканавана памерцi. Няхай трошкi пазней за мяне, але ненамнога. I яны займалiся тым, што шукалi нейкiя iмёны ў паперах, ганялiся за людзьмi, каб засадзiць iх у турму цi знiшчыць; у iх былi свае думкi пра будучыню Гiшпанii i пра рознае iншае глупства. Уся гэтая валтузня здавалася мне бязглуздай i нават блазенскай: я быў ужо няздольны паставiць сябе на iх месца, мне здавалася, што яны звар'яцелi.

Маленькi таўстун па-ранейшаму глядзеў на мяне, пастукваючы нагайкай па ботах. Усе яго рухi былi разлiчаныя на тое, каб надаць яму выгляд увiшнага i лютага звера.

- Ну што? Ты ўразумеў?

- Мне невядома, дзе Грыс, - адказаў я. - Я думаў, што ён у Мадрыдзе.

Другi афiцэр стомлена падняў бледную руку. Гэтая стомленасць таксама мела разлiк. Я заўважаў усе iх маленькiя хiтрыкi, i мяне вельмi здзiўляла, што ёсць, аказваецца, людзi, якiм здаюцца цiкавымi такiя забавы.

- Каб падумаць, у вас чвэртка гадзiны, - паволi прамовiў ён. - Завядзiце яго ў кашталянцкi пакой. Праз пятнаццаць хвiлiн ён павiнен быць тут. Калi зноў будзе ўпарцiцца, расстраляем на месцы.

Яны добра ведалi сваю справу i разумелi, што робяць: я чакаў ужо цэлую ноч; пасля гэтага яны пакiнулi мяне ў склепе яшчэ на гадзiну, каб я пачакаў, пакуль расстраляюць Тома з Хуанам, i вось цяпер - зачынялi аднаго ў кашталянцкiм пакоi; вiдаць, яны прыдумалi гэты выбрык яшчэ напярэдаднi. Яны казалi сабе, што нервы не вечныя, i спадзявалiся такiм чынам мяне раскалоць.

Але яны памылялiся. У кашталянцкiм пакоi я ад вялiкае стомы адразу асеў на зэдаль i пачаў разважаць. Але я думаў не пра iх прапанову. Я, натуральна, ведаў, дзе Грыс: ён хаваўся ў стрыечнага брата, за чатыры кiламетры ад горада. Я ведаў i тое, што нiколi не выдам гэтае схованкi, вядома, калi яны не пачнуць мяне катаваць (але, здаецца, яны пра гэта не думалi). Падобныя пытаннi былi для мяне вырашаны, вызначаны i абсалютна мяне не цiкавiлi. Адзiнае, што мне хацелася ведаць цяпер - чаму я паводжу сябе менавiта так. Я лiчыў, што лепей памерцi самому, як выдаць Грыса. Чаму? Рэймана Грыса я больш не любiў. Мае сяброўскiя пачуццi да яго памерлi яшчэ да ўсходу сонца, адначасова з каханнем да Кончы i адначасова з жаданнем жыць. Вядома, я па-ранейшаму яго паважаў: гэта быў нязломны змагар. Але мая згода памерцi замест яго тлумачылася зусiм не гэтай прычынай; яго жыццё каштавала не больш за маё; нiякае жыццё наогул нiчога не каштавала. Любога чалавека ставiлi каля мура i стралялi, пакуль ён не здохне: быў бы то я, цi Грыс, цi хто iншы - з усiмi было аднолькава. Я выдатна разумеў, што ён болей карысны справе Гiшпанii, але мне было насраць на Гiшпанiю i на анархiю: нiшто больш не мела значэння. I ўсё ж я сядзеў тут: я мог уратаваць сваю шкуру, каб выдаў Грыса, - i я адмаўляўся ад гэтага. Я лiчыў, што гэта хутчэй камiчна: гэта была звычайная ўпартасць. Я падумаў: "I трэба ж быць такiм зацятым аслом!" Мяне апанавала дзiўная весялосць.