Читать «Мур (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Жан Поль Сартр

- Але... чаму?

Ён пацiснуў плячыма i нiчога не адказаў. Салдаты вывелi мяне на вялiкi двор. Там было каля сотнi вязняў, жанчыны, дзецi, колькi старых. У поўным атупеннi я пачаў хадзiць вакол невялiкага лапiка зялёнай травы на сярэдзiне пляца. Апоўднi нас павялi есцi ў сталоўку. Два цi тры чалавекi мяне аклiкнулi. Я, напэўна, iх ведаў, але не азваўся: я ўжо нават не ўсведамляў, дзе знаходжуся.

Адвячоркам у двор заштурхнулi яшчэ каля дзесятка арыштаваных. Сярод iх я пазнаў булачнiка Гарсiю. Ён сказаў:

- Ха, чортаў шчаслiўчык! А я ўжо не думаў убачыць цябе жывога.

- Мяне асудзiлi на смерць, - сказаў я, - а потым чамусь перадумалi. Я сам не разумею чаму.

- Мяне арыштавалi а другой гадзiне, - сказаў Гарсiя.

- За што?

Гарсiя не займаўся палiтыкай.

- Не ведаю, - адказаў ён. - Яны хапаюць усiх, хто не думае, як яны.

Ён панiзiў голас.

- Яны натрапiлi на Грыса.

Мяне прабрала дрыготка.

- Калi?

- Гэтым ранкам. Вядома, ён сам даў маху. Яны там, у сераду, нешта пагыркалiся з стрыечным братам, дык ён i пайшоў ад яго. Яго заўсёды знайшлося б каму схаваць, але ж ён нiкому не хацеў быць вiнен. Сказаў толькi: "Схаваўся б я, мусiць, у Iб'еты, ды яго ўзялi, то пайду я на могiлкi".

- На могiлкi?

- Ну. Гэта было глупства. Натуральна, гэтым ранкам яны там былi, гэта павiнна было некалi здарыцца. Яго заспелi ў хаце ў далакопаў. Ён пачаў адстрэльвацца, i яны яго забiлi.

- На могiлкi!

Усё закруцiлася ў мяне ў галаве, i калi я ачуўся, то заўважыў, што сяджу на зямлi. Я рагатаў як вар'ят - так, што на вочы набягалi слёзы.