Читать «Мур (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Жан Поль Сартр

Том быў таксама адзiн, але ў яго ўсё было iначай. Ён сеў верхi на лаву i ўтаропiўся на яе, скрывiўшы на губах нешта накшталт усмешкi, выгляд у яго быў здзiўлены. Ён працягнуў руку i асцярожна памацаў дрэва, нiбыта баяўся штось паламаць, потым адразу жвава адхапiў далонь i здрыгануўся. На месцы Тома я не забаўляўся б мацаннем лавы; усё гэта зноў былi яго iрландскiя штучкi, але i мне пачынала здавацца, што ўсе рэчы выглядаюць дзiўна: яны зрабiлiся меней выразныя, болей кволыя, чым звычайна. Мне досыць было зiрнуць на лаву, газнiцу, на вугальны друз, каб адразу адчуць, што хутка я мушу памерцi. Натуральна, я не мог сабе ясна ўявiць сваю смерць, але я бачыў яе паўсюль: у рэчах, у тым, як яны адступiлi i сцiпла трымаюцца воддаль, як людзi, што перашэптваюцца каля ложка смяротна хворага сябра. Да сваёй смерцi - вось да чаго дакрануўся на лаве Том.

I каб цяпер мне, у гэтым стане, паведамiлi, што я магу спакойна вярнуцца дамоў, што мне даруюць жыццё, гэта мяне зусiм не кранула б, я застаўся б халодны: калi знiкае iлюзiя, што ты вечны, чакаць колькi гадзiн цi колькi гадоў - усё адно. У пэўным сэнсе я да ўсяго цяпер быў абыякавы i адчуваў сябе вельмi спакойна. Але гэта быў страшны спакой - з-за таго, як паводзiла сябе маё цела: я глядзеў праз яго вочы, чуў праз яго вушы, але гэта ўжо быў не я; яно пацела i дрыжала само па сабе, я абсалютна яго не пазнаваў. Каб даведацца, што з iм адбываецца, я мусiў паглядзець на яго, памацаць, нiбы гэта было цела чужога, iншага чалавека. Часам я яго яшчэ адчуваў - я адчуваў, як у iм нешта слiзгоча i нiбы абрынаецца, як гэта бывае ў самалёце, што зайшоў у пiке, цi, iншы раз, пачынаў чуць, як тахкае маё сэрца. Але гэта нiчога не мяняла: вонкi з майго цела выходзiў толькi падазроны агiдны дух. Найчасцей жа яно маўчала, нiбы замiрала, i я нiчога не адчуваў, апроч няяснага цяжару, быццам на мне было нешта брыдкае, i ў мяне ўзнiкала ўражанне, што я прывязаны да вялiкага, гiганцкага рабака. У пэўны момант я памацаў нагавiцы i адчуў, што яны наскрозь мокрыя; я не ведаў, ад чаго - ад поту цi ад мачы, але на ўсякi выпадак пайшоў памачыцца на кучу вугалю. Бельгiец выняў гадзiннiк, зiрнуў на яго i сказаў:

- Палова на чацвёртую.

Падла! Ён зрабiў гэта, напэўна, знарок. Том падскочыў; мы нават не заўважалi, што час - цячэ; ноч агортвала нас сваёй бясформеннай, змрочнаю масай, а я i не памятаў, што яна пачалася.

Малы Хуан раптам пачаў крычаць. Ён выкручваў рукi, малiў:

- Я не хачу памiраць, я не хачу памiраць!

Ён пачаў кiдацца па склепе, ускiдваючы рукi ў паветра, потым упаў на матрац i зарыдаў. Том глядзеў на яго згаслымi вачыма i цяпер ужо зусiм не хацеў супакойваць. Дый гэта наўрад цi было патрэбна: малы больш за нас рабiў шуму, але пакутаваў меней - ён быў як хворы, якому гарачка дапамагае змагацца з немаччу. Калi ж няма нават гарачкi - гэта намнога горай.

Ён плакаў, i я бачыў, што яму проста шкада сябе; пра смерць ён не думаў. На адно iмгненне, усяго на адно iмгненне мне захацелася таксама заплакаць i пашкадаваць самога сябе. Але здарылася якраз наадварот: я зiрнуў на малога, убачыў яго худыя плечы, што пацепвалiся ў плачы, i адчуў, што нiчога чалавечага ўва мне больш няма, - я быў няздольны шкадаваць нi другiх, нi сябе. Я сказаў сабе: "Я хачу памерцi дастойна".