Читать «Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Борис Саченко
Улетку сорак трэцяга года фашысты спалiлi нашу вёску, а ўсiх нас, яе насельнiкаў, пагналi ў Нямеччыну. Ноч, акружаныя аўчаркамi i карнiкамi, мы праляжалi на станцыi, у хвойнiку, кiламетраў за сем ад свае вёскi, - не вёскi ўжо, а папялiшчаў, - чакалi цягнiка. Ранiцаю стала вядома, што нiякага цягнiка нi сёння, нi заўтра не будзе, бо партызаны падарвалi на нашым перагоне чыгуначны мост. Каб не сядзець пад адкрытым небам яшчэ некалькi сутак, фашысты надумалi гнаць нас да наступнай станцыi - яна была кiламетраў за сорак ад нашай. Тым, хто меў сваiх валоў i коней, дазволiлi ехаць на падводах, астатнiя мусiлi iсцi пешкi. Мабыць, пакуль буду жыць - не забудуся, як iшлi мы панурым натоўпам са сваiх родных мясцiн у свет - на чужыну, у невядомасць. I цяпер яшчэ часта-часта паўстае перад вачыма тая вiлястая, бясконца доўгая, пыльная дарога; на ёй як ахапiць вокам жывы, рухомы паток выгнанцаў: конi, валы, нагружаныя розным хатнiм скарбам вазы i людзi - з клункамi, торбамi, вёдрамi, гладышкамi, дзецьмi...
Па абодва бакi - ланцужком, адзiн за адным, iдуць немцы, усе ў жоўта-зялёных, мышыных, накiдках, з аўтаматамi напагатове... Iх веласiпеды, наўючаныя ранцамi, процiвагазамi, скаткамi шынялёў, рознымi iншымi рэчамi, якiм i назвы не ведаеш, коцяць паабапал дарогi нашы вясковыя мужчыны, палiцаi...
Мы iдзём недзе ў канцы гэтага патоку: за плячыма ў мацi вялiкi клунак загорнутая ў рабую посцiлку пасцель. Такi ж клунак, толькi меншы, за плячыма ў Саўкi - у iм харчы: хлеб, сала, сыр. Я ж ледзь валаку дзве вялiкiя палiваныя гладышкi малака: малако даўно ўжо скiсла, западала пылам, але я ўсё адно яго не вылiваю - нясу.
Наперадзе нас едзе дзед. Падкурчыў, як цыган, пад сябе ногi, уваткнуў у рот цыбук люлькi i, заплюшчыўшы вочы, млява паганяе коней - iх ён выменяў неяк узiмку ў палiцаяў. Конi, вядома, не бог ведае якiя, не стаеннiкi, не племянныя, а бракаваныя, яны не прыдатны былi нават самiм палiцаям. Ды цягнуць яшчэ спраўна: воз аж рыпiць. На iм поўна мяшкоў - з грэчкаю, бульбаю, жытам, аўсом... I мацi, гледзячы на воз, кляне дзеда, кляне пацiху, каб чулi толькi мы, але злосна i крыўдлiва, - яна ўсё яшчэ не можа змiрыцца з тым, што нават у такую цяжкую гадзiну ён не хоча прызнаць нас за радню, не хоча пашкадаваць нас, дзяцей...
Я ўсю дарогу не зводжу вачэй з пагнутага парожняга вядра, што брынчыць ззаду на дзедавым возе. Каб на месца яго ўзяць ды павесiць на дышаль мае гладышкi! Як бы я тады хутка i спора пайшоў!
А тут гэткая суша - аж няма чым дыхаць. Ад гарачынi не ратуе нават лес ён стаiць усцяж дарогi, бы нежывы, цёмны, змораны, вялы. Знямогла, квола пiшчыць засмяглым галаском нейкая нябачная птушачка: "пiць, пiць".
Спякота i пыл.
Пыл i спякота.
Iдзём мы доўга. Вось ужо i сонца звярнула з поўдня, вось яно, вялiзнае, чырвонае, проста на вачах апускаецца, падае на лес, зацягваючы ўвесь захад светла-ружовай барвай. А мы ўсё iдзём i iдзём, i хадзе нашай, здаецца, нiколi не будзе канца...
Пясок за дзень нагрэўся на сонцы, аж боязна ў яго ступаць босымi нагамi. Балiць галава - нi то ад спякоты, нi то ад чагосьцi iншага. У вачах то пацямнее, зробiцца чорна, як уночы, то раптам пачынае скакаць, як у вясёлым карагодзе, усё - людзi, немцы, дрэвы, падводы... А карнiкаў бы хто падмянiў. Яны раптам падымаюць галовы, нешта крычаць адзiн аднаму i iдуць з аўтаматамi на людзей.