Читать «Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Борис Саченко

I зноў пачынаў плакаць.

Недзе пасярэдзiне вёскi Ян п'янеў так, што не мог на нагах стаяць - падаў у раўчак i ўжо аставаўся там ляжаць, аж пакуль добра не змяркалася. Тады жонка, сухая, доўгая, як жэрдка, разы мо ў два большая ростам за Яна, цi дочкi - iх было ў яго дзве, Тоця i Каця, абедзве худыя, насатыя i злыя, акурат iхняя мацi, - прыязджалi з санкамi цi тачкаю-двухколкаю, - гледзячы, якая была пара года, - узвальвалi Яна на свой саматужны "транспарт", прывязвалi, каб не ўпаў, той вяроўкаю, на якой Ян хацеў павесiцца, i пад раскошны, смачны смех i рогат дзятвы шчаслiва дабаўлялi жывога "шыбенiка" дахаты...

Пра Яна ў вёсцы хадзiла безлiч анекдотаў. Казалi, да прыкладу, што Ян дае "добры дзень" кожнаму сабаку, каб не брахаў, кожнаму гусаку, каб не шыпеў, а жанчын наогул абыходзiць за дзесяць гоней, каб не наскочыць каторай не пад настрой - далiся яму ў знакi свая, у два разы большая за яго, жонка i дочкi...

Я расказваю так падрабязна пра Яна дзеля таго, каб вы ўявiлi сабе, якi напарнiк трапiўся майму дзеду. I ўсё адно, прачынаючыся, я чуў шторанiцы, як дзед, ходзячы па двары, лаяў Яна.

- Ыш як выматаў, парожняга воза i то не цягнуць!.. - гэта калi сам запрагаў валоў.

- Во, прэцца ўжо, каб з цябе дух выперла!.. - кляў ён суседа, калi была таго чарга i Ян з повадам у руках iшоў у хлеў лыгаць дзедавага волiка.

У такi дзень у нашым двары наогул не сцiхала лаянка. Прыгнуўшыся, каб меней хто бачыў, дзед раз-пораз падбягаў да паркана, на хвiлiну-другую прыпадаў да дзiркi i адразу ж iмчаў назад, нiбы гнаў яго адтуль хто палкаю.

- Гэта ж трэба такi воз гною накласцi, - бурчаў ён, бегаючы па двары. Каб цябе ў магiлу паклала, Шасцiнога дурнога!.. - аж скакаў ён ад злосцi.

Учапiўшыся за Яна, дзед неўпрыкмет пераходзiў да калгасаў - каму што, а чорту балота, свякрусе - нявесткi.

- Дзе ты бачыў, басота, ды хочаш, каб доўга адзержалiся... Толькi людзей узбунтавалi, галадранцы. Туды завёў коней, валоў, а адтуль... цьфу ты, ды пайдзi скрузь землю жытка такая...

Бацька наш быў на фронце, i мацi, аднойчы, калi дзед быў, як нам здалося, у добрым настроi, бо накладаў вазы гною ўдвая большыя за Яна, i валы, хоць i трашчалi ў iх ад натугi косцi, на дзiва ўсё ж неяк везлi, - выйшла з хаты i папрасiла дзеда, каб ён даў нам на якi дзень валоў прывезцi з лесу дровы, бо ў нас даўно ўжо не было чым прапалiць у печы i ў хаце стаяла такая халадэча, што, бадай-што, цяплей было на дварэ. Там хоць калi-нiкалi ды сонца грэла, а да нас яно не заглядвала ўсю зiму - не магло растаiць вырысаваныя, замураваныя марозам вокны. Дзед накiнуўся на мацi, бы коршак:

- Сыдзi з вачэй маiх, чуж-чужанiца, бо мяне дурны поп хрысцiў. Убачыла валоў!.. Каб не такiя разумнiкi, як ты, я быў бы чалавекам, я пляваў бы сёння на ўсiх i на ўсё...

Дзед намякаў маёй мацi, што яна некалi была камсамолкай i ўпрошвала яго не ўпарцiцца, а ўступаць у калгас.

- От кальвiн, памiрай, лёду з-пад парога не дасць... - вярнуўшыся ў хату, толькi i прамовiла мацi i заплакала...