Читать «Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)» онлайн
Борис Саченко
Саченко Борис
Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)
Барыс Сачанка
Не, не ўсё роўна
З тых дзён, як помню сябе, помню i свайго дзеда. Жыў ён у адным з намi доме, праз сенцы, i што ён жыве, я пачаў прыкмячаць вельмi рана, бадай тады, як адчуў, што акрамя кароткага светлага дня i доўгай цёмнай ночы ёсць яшчэ i людзi - мацi, бацька, брат, - тыя, хто гатовы ў любую хвiлiну зрабiць усё, што толькi я пажадаю. Пазней, калi падрос i ўжо без старонняй помачы мог сам выходзiць на падворак, пра дзеда я даведаўся больш. Я ўжо, да прыкладу, разумеў, што дзед мяне не любiць i, ёсць на тое прычына цi няма, лае: то яму здаеца, што я добра не абабiў ног i на валёнках нясу ў сенцы цэлы воз снегу, то ўбачыць, што я не так, як трэба, зачынiў дзверы i напусцiў холаду, то выдумае нешта яшчэ.
Я ўжо не толькi гэта разумеў, але i стараўся быць як мага далей ад дзеда, каб неспадзеўкi не трапiць на яго вялiкiя i круглыя, як у ката, вочы, бо ведаў, што ён будзе зноў сварыцца, а я не хацеў чуць яго крыку, не хацеў ад бездапаможнасцi i крыўды плакаць. Гуляючы ў хаце цi на двары, я мiж тым, незаўважна нават для самога сябе, усё часцей i часцей пачаў думаць пра дзеда: чаму ён такi нялюдскi, злы, чаму нiколi не возьме, як, скажам, тата цi мама, мяне на рукi, не раскажа казку, а толькi тое i робiць, што крычыць, сварыцца...
I ўжо зусiм добра помню, як аднойчы папрасiлi нас - мяне i майго старэйшага брата Саўку - занесцi дзеду есцi: ён вартаваў тады за поплавам калгасныя гароды. Iшлi мы да яго, як падалося мне, страшэнна доўга, цэлую вечнасць - спачатку па мяккай, пыльнай i гарачай, бы прысак, палявой дарозе ўзбоч доўгенькiх загончыкаў бульбы, ячменю, жыта, проса, потым збочылi на торную зыбкую сцяжынку, якая вывела нас на чысты шырокi луг, што аж стракацеў ад красак - жоўтых, чырвоных, белых, блакiтных... Паволi, як бы нешта выглядаючы, над кветкамi кружылi стракозкi, матылi, пырхалi, час ад часу iмклiва падаючы ў траву, маленькiя, шустрыя лугавыя птушачкi-падшопнiкi. А ў небе высока-высока, раскiнуўшы на ўвесь мах крылы, плаваў вялiзны шэры коршак - калi ён пралятаў блiзка над намi, па аксамiтна-зялёнай траве, што набягала хвалямi i аж угiналася ад ветру, слiзгаў чорны, як крыж, цень.
Лугам мы дайшлi да нешырокай балотнай канаўкi, што ўся, з берагамi, заплыла цiнай, багавiннем, раскай, зарасла асакою i рагазой, - толькi ў адным месцы, на завароце, дзе быў брод, фiялетава блiшчала, як люстра, круглая лужына ржавай, запляснелай вады. Па гнуткiх бярозавых кладках, спярша Саўка, а потым ужо i я, мы перабралiся на другi бераг i адразу ж апынулiся ў змрочнай засенi алешнiку i лазы. Абвiтыя хмелем, галiнкi i лiсце сплялiся над галавою так густа, што праз iх не магло прабiцца сонца. Тут не было той духаты, што панавала там, на полi, але не было i таго халадку, што быў на лузе: была сырая, парная i гняткая цяплынь. Больш за ўсё ў зараснiку мяне ўразiлi птушкi - iх было так многа, што за iмi проста не ўсачыць - разбягалiся вочы. Птушкi пераскаквалi, пераляталi з галiнкi на галiнку, цiўкалi, чэкалi, пiшчалi, сакаталi, i нейкi час я iшоў, аглушаны iхнiмi галасамi, не чуючы нават таго, што казаў мне Саўка - глядзi пiльней пад ногi, бо, ратуй божа, наступiш на гадзюку, укусiць...