Читать «Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)» онлайн - страница 7
Борис Саченко
- Шнэль! Шнэль! Шнэль! - чуваць з усiх бакоў.
Ага, гэта яны баяцца вечара i спяшаюцца, каб да змярку быць на станцыi. Iначай можа здарыцца неспадзяванка: нападуць партызаны i людзi разбягуцца па лесе - злавi тады...
Ад стомы я ледзьве перастаўляю ногi i iду, мусiць, абы-куды, бо з усiх бакоў мяне штурхаюць - на момант мне нават здаецца, што я трапiў у чараду кароў i кожная так i цаляе, каб баднуць мяне рогам. Я падаюся ўбок i бачу дзедаў воз. Адна драбiнка з'ехала з ручкi на кола, i яно, павольна круцячыся, шоргаецца аб дрэва. "Шорх-шорх, шорх-шорх!.." З нацёртай да бляску шыны мукою сыплецца сыпкi пясок...
Круцiцца, круцiцца кола...
I вось мне пачынае ўжо здавацца, нiбыта я ў млыне: стаю, гляджу, як круцяцца, мелючы зерне, вялiзныя камянi, i па збажыне сунуся сам у жолаб. Жолаб проста ўвачавiдкi расшыраецца, расце, i вось ужо ён зрабiўся такi вялiкi, што ў iм месцяцца i людзi, i конi, i ўся гэтая пыльная, бясконцая дарога, што цягнецца немаведама куды. Людзi раптам падаюць на збожжа i засынаюць. Спяць усе. Не сплю толькi чамусьцi адзiн я, хаця ад дрымоты i ў мяне злiпаюцца павекi. Я заплюшчваю вочы i падаю таксама на зерне - мяккае, цёплае...
...Ачынаюся я на дзедавым возе. Ля мяне сядзiць Саўка, нейкiя чужыя босыя мурзатыя дзецi. Чые яны, я не пазнаю. Азiраюся - тая ж вiлястая пыльная дарога, той жа бясконцы вiрлiвы паток: людзi, валы, конi, падводы, немцы... Дзед iдзе побач, трымаючы ў руках лейцы, i ў яго аж скача з рота пена - такi ён злосны. Я пытаюся ў Саўкi, што здарылася. I ён расказвае мне, што я ўпаў на дарогу, i канвойны немец, якi iшоў пры нас, раскрычаўся, сцялежыў воз, паскiдаў з яго ў раўчук усе дзедавы мяшкi, а ўсiх нас, дзяцей, хто прыстаў, падбiўся ў дарозе, загадаў пасадзiць на воз...
У Нямеччыне дзед трапiў да баўэра кiламетраў за сто ад нас, i ўсю вайну, аж да вызвалення, мы з iм не сустракалiся. Калi ж вярнулiся з чужыны, дзед быў ужо дома - ён прыехаў раней i пасялiўся ў пограбе на старым сваiм селiшчы. Ставiць хату зноў разам з намi ён не захацеў, дый не вельмi напрошвалася на гэта наша мацi. Пад сваю новую хату мы знайшлi i новы пляц. У пограбе дзед пажыў да глыбокай восенi, пакуль не захаладала, а тады раптам кiнуў-рынуў сваё селiшча i перабраўся жыць да Тоцi - старэйшай Серадольшанкавай дачкi. Муж яе, гэтак жа, як i наш бацька, не вярнуўся з вайны, аднак у яе была ўжо хоць i маленькая, ды свая хата: яе, гэтую хату, казалi, зрабiлi салдаты з ваенведа...
Дзед быў яшчэ дужы i някепска зарабляў, па начах пасвячы "лястрангасаўскiх" коней, а ўдзень кладучы людзям печы цi стаўляючы зрубы. Да таго ж ён прывёз сёе-тое з адзежы з Нямеччыны. I жанчына, мусiць, спадзявалася пакуль што пажыць за шырокай дзедавай спiнай.