Читать «Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Борис Саченко
Ян Серадольшанка быў чалавек цiхманы, у вёсцы не крыўдзiў яго хiба адзiн толькi бог. I не таму, што ён каму-небудзь наступiў на балючы мазоль цi насалiў чым моцна, а проста так, дзеля пацехi, смеху. Як пасля я пераканаўся, гэткiя людзi, як Ян, ёсць амаль у кожнай вёсцы: адзiн з iх, выпiўшы, ходзiць па вёсцы i, выставiўшы жывот, просiць усiх, хто валюхаецца мiма, каб стукнулi кулаком па жываце - вось гук будзе! - i дзе - не спераду, а ззаду; другi, здаецца, толькi тое i робiць, што плача ды ные, расказваючы свае беды i няшчасцi, на якiя б iншы нават увагi не звярнуў, i ўрэшце так надакучае ўсiм, што ад яго ўцякаюць, як ад чумнога; трэцi некалi бiўся з пеўнем цi сватаў сабе ў жонкi гусь... Iнакш - што сяло, то i сваё памяло... Ян жа Серадольшанка, калi быў пад добрым градусам, браў дома вяроўку, на якой жонка сушыла бялiзну, i сунуўся ў лес вешацца. Чамусьцi заўсёды iсцi яму выпадала якраз праз усю вёску, хаця лес быў зусiм у другiм баку, непадалёку ад яго хаты. А паколькi Ян вельмi любiў людзей, з якiмi зжыўся змалку, дык перад тым, як павесiцца, заходзiў да кожнага ў хату, каб развiтацца. Ведаючы добра Яна, аднавясковец прыносiў з сянец запацелае паўлiтэрка i прасiў Яна прысесцi хоць на хвiлiначку да стала.
- Добра жылi мы з табою, Ян, - казаў зычлiвы сусед, ледзь стрымлiваючы сябе, каб не пырснуць смехам, - давай добра i расстанемся. Толькi глядзi ж, не забывай мяне на тым свеце, а як дзе знойдзеш сцiшнае месцейка, беражы яго мне...
- Якое там месцейка, - махаў рукою Ян i выбiраў самую вялiкую кружку, якая толькi i была ў хаце, прасiў налiць па поўнай, абавязкова па поўнай, бо дзе поўная чарка, не можа быць нiякая сварка, i, зажмурыўшы вочы, выпiваў да дна; адразу ж, не закусваючы, пачынаў расказваць, як пагана жывецца яму на гэтым свеце, як яго ўсе i ўсюды крыўдзяць, насмiхаюцца, пускаў неўпрыкмет "з гора" слязу i плёўся далей. Iншы раз, калi Ян быў асаблiва не ў гуморы, ён успамiнаў бычка, рабога, гладкага бычка Тараса, якога зарэзалi i ўтрубiлi за мiлую душу ў яго ж, Янавай, хаце - каб iх самiх утрубiлi чэрцi! - яшчэ ў грамадзянскую белапалякi. Таго бычка Яну было так ужо шкада, так шкада, што ён, размазваючы кулаком па твары слёзы, роў, як малое дзiця. Сёй-той браўся суцяшаць Яна, казаў, што, чаго-чаго, а бычкоў такiх, як Тарас, можна выгадаваць сотню, а то i больш, абы сена толькi было.
- Не, такога бычка мне ўжо нiколi не бачыць, - вёў усё роўна сваё Ян. - Як зжэрлi яго, мо цэлы тыдзень не спалi, начамi за хлеў бегалi... Сыты быў, халера! На маю сям'ю на поўны месяц хапiла б, каб не дурны быў ды сам зарэзаў... На ўвесь бадай-што мясаед!..