Читать «Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)» онлайн - страница 8
Борис Саченко
Чакаць помачы нам не было адкуль, i мы самi пачалi ставiць сабе хату. З чужыны мы вярнулiся ўлетку, у самае жнiво. Пасеяць што-небудзь цi пасадзiць было позна, i цэлы год нам давялося жыць чым бог пашле. Восень i зiму яшчэ сяк-так гiбелi, прадаючы астатняе з адзежы i купляючы бульбу, хлеб. А вясною селi на крапiву i шчаўе.
Бачачы, што мы з Саўкам зусiм далiся i ад недаядання пасiнелi, мацi папрасiла Саўку схадзiць да дзеда, каб ён хоць чым-небудзь памог нам, калi не бульбай i хлебам, то хай бы хоць дзень парабiў ля хаты. Iсцi да дзеда Саўка адмовiўся, сказаўшы, што ён лепей пойдзе ў кускi, чым да дзеда.
- Усё роўна ён нiчога не дасць i да хаты нашай не пойдзе. Навошта ж хадзiць ды клянчыць...
- То што ж мне рабiць з вамi? - пачала ламаць рукi мацi. - Сядзець ды глядзець, як вы марнееце ды чэзнеце? - I яна заплакала.
Я накiнуў на плечы свiтку i выйшаў з хаты: надумаўся сам схадзiць да дзеда - не можа быць, каб ён астаўся абыякавы, раўнадушны да нашага гора.
Калi я ўвайшоў у Тоцiну хату, дзед якраз снедаў. На стале перад самым яго носам ляжаў цэлы стос пульхных пшанiчных аладак, на дашчэчцы стаяла патэльня, поўная туку i тоўстых ружовых скварак. Але аладкi i сала дзед пакiдаў на пасля, бо цяпер, нагнуўшыся над глiнянаю мiскаю, ён упарта сёрбаў булён. Тоцi дома не было - няйнакш некуды выбегла, i гэта мяне ўзрадавала: пры ёй я бянтэжыўся б, мусiць, няёмка сябе пачуваў бы i дзед.
Я паздароўкаўся i адразу ж, не прайшоўшы нават на хату, сказаў, чаго прыйшоў.
Дзед павярнуў да мяне сiвы, валасаты твар, блiснуў вачыма i, не перастаючы жаваць, загаварыў доўга i разважлiва:
- Яно, канечне, на добры лад памагчы трэба было б. Што нi кажы, а ўсё ж свае... Сiроты... Ды гэта каб на добры лад, каб нявестка была не пустадомак, а чалавек, якi дбае пра сям'ю, каб i не галодныя былi, i не голыя... - памаўчаў, зачэрпнуў з мiскi лыжку булёну, упiхнуў у рот добры кус хлеба i, павольна варушачы скiвiцамi, казаў: - Усе людзi як людзi. Хто ў лястрангас пайшоў, а хто ў ляснiцтва ўладкаваўся, хто яшчэ куды, дзе капейку даюць, - рыбка шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. А яна ў калгас...
- Але ж i ў калгасе трэба некаму рабiць, - не згадзiўся я з дзедам, - бо калi ўсе па заробках розных пойдуць, хто ж зямлю ўрабляць будзе, хлеб сеяць?..
- Кхе-кхе... - усмiхнуўся дзед, паказаўшы рэдкiя жоўтыя зубы. - Ты слухай, стары вол баразны не псуе, а стары чалавек абы-чаго не плявузгае. Ведай, што калi бог спарадзiў чалавека, дык даў яму i розум. А нашто чалавеку розум? Я свой век пражыў i сяму-таму навучыўся. Чалавек павiнен адзiн быць, сам сабе гаспадар на сваёй зямельцы, тады ў яго будзе ўсё - i хлеб, i сала, i грошы. Пакуль гэтага не будзе, зямлi цурацца трэба...
Гаварыць далей з дзедам не было нiякага толку, i я, бразнуўшы дзвярыма, што аж затрымцелi ў вокнах шыбы, выйшаў. Мне было прыкра i горка, ад крыўды я ледзь не плакаў.
I ўсё ж мы не памерлi з голаду: выжылi. I не толькi выжылi, але зусiм неспадзявана i запамаглiся. Як сям'i, што пацярпела ад вайны, нам далi бясплатную маладую, з малаком, карову, памаглi i насеннем, рацыёнамi. Само сабой, вядома, паставiлi мы i хату. I не абы-якую: з новага, смалiстага, як звон, дрэва, з пяццю шырачэзнымi - асаблiва пасля зямлянкi, у якой мы да гэтага жылi, - вокнамi, вялiкай, з лежаком, печчу.