Читать «Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Франсуа Мориак

Хлараформ - 10 грамаў.

Аканiцiн - 2 грамы.

Дыгiталiн - 0,2 грама.

Следчы пачынае рагатаць... Заскрыгатаў тормаз. Тэрэза прачынаецца. На поўныя грудзi ўдыхае ў сябе туман (мусiць, пачаўся спуск да Белага ручая). Вось так i ў юнацтве ёй не раз снiлася, што яе памылкова прымушаюць другi раз здаваць выпускныя экзамены. I цяпер да яе прыйшло тое радаснае адчуванне палёгкi, як i тады, калi яна прачыналася ад страшнага сну. Непакоiла трохi толькi тое, што няма афiцыйнага дакумента пра спыненне справы. "Але ты ж ведаеш, што спачатку давядуць да ведама адваката..."

Вольная! Чаго ж яшчэ жадаць? Цяпер можна будзе проста наладзiць жыццё з Бернарам. Адкрыць яму ўсю душу, нiчога не ўтойваючы, - вось дзе выратаванне. Неадкладна, сёння ж вечарам, трэба расказаць яму пра ўсё. Ад гэтага рашэння Тэрэзе становiцца лёгка i радасна. Па дарозе да Аржалузы ў яе яшчэ хопiць часу, каб "падрыхтавацца да споведзi", як любiла гаварыць яе верная сяброўка Анна дэ ля Траў кожную суботу ў бесклапотную пару iх летнiх канiкулаў. Мiлая малодшая сястра Анна, нявiннае стварэнне, ты так многа месца займаеш ва ўсёй гэтай гiсторыi! Нават людзi крыштальнай чысцiнi не ведаюць, у якiя путы яны ўблытваюцца кожны дзень, кожную ноч i якiя атрутныя зярняты прарастаюць там, дзе ступалi iх дзiцячыя ножкi...

Што казаць, гэтая маленькая дзяўчынка мела рацыю, калi паўтарала лiцэiстцы Тэрэзе, гэтай разважлiвай насмешнiцы: "Ты i ўявiць сабе не можаш, якую палёгку адчуваеш, калi на споведзi прызнаешся ва ўсiм i атрымлiваеш адпушчэнне грахоў. Усё нядобрае знiкае, сцiраецца, i можна пачынаць жыццё нанава". I праўда, варта было Тэрэзе наважыцца пра ўсё расказаць мужу, як з яе спаў цяжкi груз: "Бернар будзе ведаць усё. Я сама яму раскажу..."

Але што яна скажа? З чаго пачаць прызнанне? Хiба можна перадаць словамi гэтае заблытанае спляценне жаданняў, рашэнняў, непрадбачаных учынкаў? А як спавядаюцца тыя, хто свядома iшоў на злачынства?... "Але ж я... я не разумею свайго злачынства. Я не хацела зрабiць таго, у чым мяне абвiнавачваюць. Я сама не ведала, чаго хацела. Я не ведала, куды прывядзе мяне гэтая неўтаймоўная сiла. Колькi ж яна разбурыла на сваiм шляху? Нават самой страшна..."

Пад'ехалi да чыгуначнай станцыi Нiзан. Закураны лiхтар асвятляў пабеленую сцяну вакзала. Каля ўвахода стаяла брычка. (О, якая цемра пануе над лiхтаром!) Недзе зусiм побач пыхкаў паравоз. Гардэр узяў Тэрэзiн сакваяж, зноў акiнуўшы яе сваiм цiкаўным позiркам. Яму, вiдаць, жонка загадала: "Ты ж хоць паглядзi на яе добранька, якая яна цяпер, мо i з твару змянiлася..." Тэрэза падаравала бацькаваму фурману тую сваю колiшнюю ўсмешку, якая вымушала людзей гаварыць: "Яе не зразумееш, прыгожая яна цi не, проста адчуваеш яе абаяльнасць..." Тэрэза папрасiла Гардэра купiць бiлет - самой страшна было iсцi ў касу праз пачакальню, дзе сядзелi над сваiм вязаннем нейкiя дзве жанчыны.