Читать «Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Франсуа Мориак

- Ты будзеш рабiць усё, што скажа муж. Здаецца, я гавару ясна.

I месьё Лярок падштурхнуў Тэрэзу ў экiпаж.

Адвакат падаў Тэрэзе руку з цвёрдымi пачарнелымi пазногцямi: "Добра ўсё, што добра канчаецца", - сказаў ён. I гэта прагучала шчыра, бо калi б справа пайшла iнакш, ён не меў бы нiякай выгады: сям'я Лярокаў i Дэскейру наняла б адваката Пэйрэкава з судовай акругi Вардо. Сапраўды, усё скончылася добра...

II

Тэрэзе падабаўся гэты асаблiвы пах прэлай скуры старога экiпажа. Яна не любiла палiць у цемры i таму не вельмi перажывала, што забылася цыгарэты. Лiхтары асвятлялi адхон дарогi, махрыстую папараць, тоўстыя камлi волатаў соснаў. На грудах шчэбеню адбiваўся цьмяны сiлуэт экiпажа. Часам сустракалiся вазы, запрэжаныя муламi. Мулы самi скiроўвалi ўправа, а разамлелыя вазакi драмалi. Тэрэзе здаецца, што нiколi не будзе канца гэтай дарозе. Яна цешыць сябе надзеяй, што нiколi не даедзе да Аржалузы. Яшчэ больш за гадзiну язды да станцыi Нiзан, потым прыгарадны цягнiк з бясконцымi прыпынкамi. Ад Сэн-Клера, дзе ёй трэба выходзiць, да Аржалузы - 10 кiламетраў на двухколцы (дарога такая, што нiякi шафёр уночы не рызыкне туды ехаць на аўтамабiлi). На кожным павароце яшчэ можа ўмяшацца лёс i ўратаваць яе ад гэтай страшнай сустрэчы з мужам. У галаву ёй зноў прыходзяць думкi, якiя валодалi ёю напярэдаднi суда: калi б следства падтрымала абвiнавачанне, ёй хацелася б толькi аднаго землетрасення. Яна зняла капялюшык i прыцiснулася шчакой да пахучай скураной абiўкi. Ад штуршкоў кiвалася яе маленькая галоўка, яе бледны твар...

Да гэтага вечара яна жыла, нiбы загнаны звер, i толькi цяпер адчула непамерную стому. Асунуты скуласты твар, выцвiлыя губы i прыгожы высокi лоб. У яе быў выгляд чалавека, якi страцiў усе надзеi. I хоць людзi не прызналi яе вiнаватай, яна была прыгаворана - да вечнай адзiноты. Такую абаяльнасць (а раней яе лiчылi прыгожай) маюць людзi, якiм не заўсёды ўдаецца схаваць свае патаемныя пакуты i шчымлiвы душэўны боль. Затаiўшыся ў куточку экiпажа, Тэрэза - гэтая выкрытая атручальнiца, - едзе па калдобiстай дарозе праз гушчар сасновага бору. Яна з пяшчотай гладзiць правай рукой свой твар пакутнiцы, якiх жывых спальваюць на вогнiшчы. Што скажа ёй пры сустрэчы Бернар? Ён жа выратаваў яе сваiмi непраўдзiвымi паказаннямi... Наўрад цi ён сёння будзе пра што-небудзь пытацца... Але заўтра? Тэрэза заплюшчвае вочы, потым, расплюшчыўшы iх, глядзiць навокал. Конi iдуць паволi. Тэрэза спрабуе пазнаць, дзе яна, што гэта за ўзгорак... Ах, не варта думаць пра гэтую сустрэчу. Магчыма, усё будзе намнога прасцей, чым ёй здаецца. Не трэба нiчога думаць. Заснуць... Чаму яна ўжо не ў экiпажы? Стол, засланы зялёным сукном. За сталом нейкi чалавек. А-а, гэта следчы... Iзноў ён... Але ж ён добра ведае, што справа спынена. Тым не менш ён адмоўна кiвае галавой i справа не спыняецца, ёсць новы факт. Новы факт? Тэрэза адварочваецца, каб вораг не бачыў яе перакошанага твару. "Паспрабуйце ўспомнiць, мадам, хiба вы нiчога не схавалi ў кiшэнi той старой палярыны, якую вы носiце цяпер толькi ў кастрычнiку, калi iдзяце на паляванне, пастраляць вехiроў?" Адмаўляцца немагчыма. Тэрэза задыхаецца. Не зводзячы вачэй са сваёй ахвяры, следчы кладзе на стол пакецiк, запячатаны чырвоным сургучом. Тэрэза магла б на памяць расказаць, што там напiсана, а з вуснаў следчага ляцяць словыстрэлы: