Читать «Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Франсуа Мориак
Але пра што гаварыць з Бернарам сёння, калi гэты жах развеяўся?.. Тэрэзе мроiцца iх адзiнокi дом, дзе муж чакае яе, спальня з кафлянай падлогай, лямпа на стале сярод газет i бутэлечак з лякарствамi... Яшчэ брэшуць на дварэ сабакi, пабуджаныя грукам экiпажа... Потым яны сцiхаюць i зноў усё нямее i настае ўрачыстая цiшыня, як i ў тыя ночы, калi Тэрэза глядзела на Бернара, а той пакутлiва курчыўся ад прыступаў рвоты. Тэрэза спрабуе ўявiць сабе той позiрк, якiм яны хутка абмяняюцца з мужам; а як пройдзе ноч, што будзе заўтра, праз тыдзень, праз месяц - у гэтым доме, дзе ўжо не трэба разам прыдумваць выгадную для сябе версiю перажытай драмы. Цяпер памiж iмi будзе стаяць толькi рэальнае, толькi тое, што адбылося... Тэрэзу ахоплiвае страх, яна штосьцi мармыча, павярнуўшыся да адваката (на самай справе яна гаворыць гэта бацьку):
- Я збiраюся пабыць некалькi дзён дома, з мужам. Калi яму палепшае, я вярнуся да бацькi.
- Вось як? Нi ў якiм разе, дарагая, чуеш?
Фурман заварушыўся на сваiх козлах, i Лярок, панiзiўшы голас, дадаў:
- Ты што, зусiм здурнела? Пайсцi ад мужа ў такi момант? Не, цяпер вы павiнны быць разам, як два пальцы адной рукi. Чуеш? Да самай смерцi...
- Праўда, тата. I што гэта мне прыйшло ў галаву? Але ж ты будзеш прыязджаць да нас у Аржалузу?
- Тэрэза, я буду чакаць вас, як i заўсёды, у чацвер - у днi кiрмашу. Так што прыязджайце да мяне, як i раней прыязджалi!
Проста неверагодна, як яна дагэтуль не зразумела, якой небяспекай было яму i ўсiм найменшае парушэнне прыстойнасцi! Гэта смерць! Зразумела? Цi мог ён разлiчваць на Тэрэзу? Яна ж нарабiла столькi непрыемнасцi сям'i...