Читать «Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Франсуа Мориак

Фурман прынёс бiлет. Тэрэза сказала яму пакiнуць рэшту сабе. Ён дакрануўся рукой да шапкi, сеў на козлы, паправiў лейцы i апошнi раз глянуў на дачку свайго гаспадара.

Цягнiка яшчэ не сфармiравалi. Калiсьцi, прыязджаючы на летнiя канiкулы цi вяртаючыся ў горад на пачатку навучальнага года, Тэрэза Лярок i Анна дэ ля Траў радавалiся доўгай затрымцы на станцыi Нiзан. Яны заходзiлi ў харчэўню, елi яечню з вяндлiнай, а потым, абняўшыся, шпацыравалi па дарозе. Якая ж яна сёння цёмная i непрытульная! А тады, - успамiнаецца Тэрэзе, - усё навокал было залiта пяшчотным месячным святлом... Сяброўкi бесклапотна смяялiся, гледзячы на свае доўгiя ценi, якiя злiвалiся ў адзiн. Гаварылi яны пра сваiх настаўнiц, таварышак. Адна абараняла свой манастырскi пансiён, другая - свой лiцэй. "Анна..." - гукнула ў цемру Тэрэза. Перш за ўсё Бернару трэба расказаць пра Анну... Ён жа так любiць дакладнасць: педантычна раскладвае ўсе пачуццi, кожнае разглядае асобна i не мае нiякага ўяўлення, якая складаная сетка шляхоў, пераходаў i перапляценняў iснуе памiж iмi. Як жа пазнаёмiць яго з гэтымi заблытанымi матэрыямi, якiмi жыла i пакутавала Тэрэза. А зрабiць гэта трэба. Застаецца толькi адно: сёння вечарам зайсцi ў спальню, сесцi каля яго ложка i расказваць, расказваць... пакуль Бернар не спынiць яе i не скажа: "Цяпер я ўсё разумею. Устань. Я дараваў табе".

Яна цiха прайшла цераз садзiк начальнiка станцыi, адчула пах хрызантэм, хоць самiх кветак у цемры не было вiдно. У купэ першага класа пуста. Ды пры такiм цьмяным асвятленнi наўрад цi хто й пазнаў бы яе. Чытаць немагчыма. Зрэшты, самы цiкавы раман падаўся б Тэрэзе прэсным у параўнаннi з яе асабiстым жыццём. Можа, яна памрэ ад сораму, ад страху, ад пакут сумлення, ад стомы, але толькi не ад суму.

Яна прыцiснулася да сцяны, заплюшчыла вочы. Няўжо такая разумная жанчына, як яна, не здолее расказаць усёй гэтай драмы так, каб сутнасць яе стала зразумелая? Можа, усё адбудзецца вось як: Тэрэза скончыць сваю споведзь i Бернар скажа ёй: "Тэрэза, iдзi, супакойся i не хвалюйся. Мы будзем жыць у Аржалузе, у гэтым жа доме, да самай смерцi, i нiколi памiж намi не паўстане тое, што адбылося. Я хачу пiць. Схадзi сама на кухню i прынясi мне шклянку апельсiнавага напiтку. Я вып'ю яго залпам, нават калi ён будзе мутнаваты i з тым самым прысмакам, што ў таго шакаладу, якiм ты паiла мяне тады ранiцай. Помнiш, любая, як мяне рвала? Ты падтрымлiвала мне галаву сваiмi мiлымi рукамi, не адводзячы вачэй ад зеленаватай вадкасцi, якую выкiдваў мой страўнiк. Прыступы рвоты зусiм не палохалi цябе. Але як жа ты збялела ў тую ноч, калi я сказаў табе, што ў мяне нямеюць i адымаюцца ногi! Помнiш, мяне пачало трэсцi. А гэты прасцяк доктар Педмэ нiяк не мог уцямiць, чаму ў мяне тэмпература нiзкая, а пульс такi часты..."

"Ах, не, - думае Тэрэза, - так ён нiчога не зразумее. Трэба пачаць з самага пачатку..." А дзе гэты пачатак? Наша жыццё, калi мы хочам адасобiць, iзаляваць яго, нагадвае раслiны, якiя нельга вырваць з усiмi каранямi. Можа, пачаць з самага дзяцiнства?.. Але ж i дзяцiнства - гэта таксама нейкi канец, нейкае завяршэнне.