Читать «Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Франсуа Мориак

Тэрэзiна дзяцiнства - гэта чысты празрысты выток самай каламутнай ракi. У лiцэi яна, здавалася, была да ўсяго абыякавая i не заўважала тых маленькiх драм, якiя перажывалi яе сяброўкi. Тэрэзу Лярок настаўнiцы часта ставiлi за прыклад: "Тэрэзе не трэба нiякiх узнагарод, акрамя радаснага разумення, што яе лiчаць увасабленнем высокiх чалавечых пачуццяў. Сумленне - вось яе адзiная пуцяводная зорка. Гордая думка, што яна належыць да чалавечай элiты, падтрымлiвае яе больш надзейна, чым страх перад пакараннем..." Так характарызавала яе адна настаўнiца. "А цi была я такая шчаслiвая, чыстая сэрцам", - пытаецца ў сябе Тэрэза. Вядома, усё, што было да замужжа, згадваецца як нешта асаблiва чыстае ў параўнаннi з агiдным брудам шлюбнай ночы. Лiцэй, усё, акрамя шлюбу i мацярынства, - усё гэта цяпер рай. Аднак тады я гэтага не разумела. I хiба можна было дапусцiць, што ў той час, калi жыццё маё яшчэ не пачыналася, я якраз i жыла сапраўдным жыццём. Папраўдзе, я была чыстая, я была анёлам! Аднак анёл гэты быў залiшне перапоўнены моцнымi пачуццямi. Што б там нi гаварылi пра мяне настаўнiцы, а я пакутавала i прымушала пакутаваць другiх. I гэта было мне прыемна. Нашы беды былi вельмi чыстыя i не выклiкалi нiякiх пакут сумлення. Нашы непрыемнасцi i радасцi спараджалiся самымi нявiннымi жаданнямi.

Тэрэзе ўспомнiлiся спякотныя летнiя днi, калi яны сустракалiся з Аннай у цяньку пад векавымi дубамi Аржалузы. Як прыемна тады было адчуваць сябе роўнай з гэтым нявiнным дзяўчом, выхаваным манашкамi ў Сакрэ-Кёр. З поўным правам яна магла сказаць тады: "Паслухай, Анна! Каб быць такой жа чыстай, як ты, мне зусiм не патрэбны гэтыя вашы ладанкi i бясконцыя малiтвы". Тым болей што i сама чысцiня Анны дэ ля Траў iшла перш-наперш ад няведання, бо выхавальнiцы Сакрэ-Кёр стваралi дзесяткi перагародак памiж рэальным жыццём i сваiмi выхаванкамi. Тэрэза ставiлася з пагардай да гэтых дзяўчатак за тое, што яны не размяжоўвалi дабрачыннасцi з няведаннем. "Анна, дарагая, ты зусiм не ведаеш жыцця", - любiла яна паўтараць у той далёкi слаўны час...

Цягнiк нарэшце кранаецца з месца. "Што ж, - думае Тэрэза, - калi я хачу ва ўсiм разабрацца, то трэба i пачынаць з гэтых бесклапотных незабыўных дзён". Неверагодна, але, напраўду, гэта так - ясны золак нашага жыцця ўжо тоiць у сабе грозныя навальнiцы. Блакiтны свiтанак - чакай буры цi маланак. А пасля буры - разбураныя кветнiкi, паламаныя дрэвы, гразь...

За ўсё сваё жыццё Тэрэза нiколi нi аб чым не задумвалася, нiчога сабе наперад не загадвала; на яе шляху не было рэзкiх паваротаў: спачатку памалу, а потым усё хутчэй i хутчэй апускалася яна ўнiз... I сёння ў Аржалузу едзе зусiм не юная шчаслiвая iстота, каб пацешыцца летнiмi вакацыямi, а забiтая горам жанчына. Едзе крадком, пад сховам цемры...