Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 209
Іван Чыгрынаў
Але цяпер магілак каля буданоў не было.
Нібыта супакоены гэтым, Чубар вярнуўся ў думках да сваіх пошукаў. Ён добра арыентаваўся вакол — бадай, гэта быў адзіны куток ва ўсім забесядскім лясным абшары, які Чубар няблага-ткі ведаў, бо не адзін раз хадзіў сюды з Верамеек у Мамонаўку. Таму яму не складала вялікай цяжкасці адшукаць акурат тое месца, дзе ўцякаў праз ельнік ад ласяня. Зразумела, спадзявацца, што звярок усё яшчэ стаіць ды чакае яго, не выпадала, аднак Чубар яшчэ ў Мамонаўцы разважыў — няйначай, небарака будзе блукаць паблізу, калі, вядома, не ўблытаўся за кім іншым. Ды дарэмна. Колькі ні сноўдаўся Чубар вакол знаёмага ельніку, нават слядоў нідзе не пабачыў. Усё роўна як і ў тую раніцу, ласяня не прыбягала сюды. Але ж Чубар за сабой прыводзіў яго! Быў сэнс выбіцца бліжэй да возера, хоць адсюль пачыналася балота, і да самага берага туды давялося б ісці па гразі. Таму Чубар пабрыў краем балота. Але акрамя птушыных крыжыкаў па-ранейшаму нічога не траплялася і тут. Намацаўшы ў кішэні акраец, які вынес яму Міхалка з хаты, Чубар адшчыкнуў мякішу, кінуў здалёку ў рот. Дзіўна, але і цяпер есці яшчэ не было апетыту, і ён колькі катаў мякіш без усялякага смаку, аж пакуль не праглынуў яго супраць жадання. Пасля зноў машынальна палез у кішэню, гэтаксама адшчыкнуў трыма пальцамі ад акрайца, паклаў у рот. Такога занятку якраз хапіла яму, каб дапяць да наступнай дарогі, што кіравалася з Верамеек у Гончу, амаль паралельна мамонаўскай. Тут Чубар нарэшце спыніўся, стаўшы пад бярозай, якая нізка схіляла старое вецце, утвараючы з яго гатовы шалаш. Угары над дарогай аднастайна шумелі дрэвы, а недзе ў гушчары крычалі, быццам гандляры на рынку, сарокі, якіх хтосьці палохаў альбо раздражняў знізу.