Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 210
Іван Чыгрынаў
«Што, калі наведацца да лупільні?» — прыйшла Чубару думка, і ён раптам узрадаваўся ёй: не тое, што зноў памеў надзею адшукаць ласяня, хапала самой ідэі ісці далей, урэшце, неяк жа трэба шукаць сэнсу рухацца.
Больш адчуваючы, чым нават усведамляючы сваю непрыкаянасць, Чубар хоць і дужа марудна, але ўсё далей адыходзіў ад бярозы; топчучы леташнюю заваль, ён сігаў напрасткі і амаль наўздагад, бо прыкладна ведаў, як трапіць адсюль на тую грыву, дзе была хатка-лупільня, галоўнае, не ўзяць цяпер, прастуючы наўздагад, дужа ўправа, бо тады, няйначай, апынешся блізка ад вёскі, а то і зусім выйдзеш на крайнія хаты; гэтая перасцярога ўсё роўна як была закладзена Чубару ўсярэдзіну яшчэ раней, таму ён, лішне не турбуючыся, і рухаўся ўвесь час з папраўкай на такі даварот. Толькі ў адным месцы давялося крута збочыць — там пачыналася маладая сасновая пасадка, праз якую дарэмна было спадзявацца нават прапаўзці на карачках. Убачыўшы яе, Чубар, быццам губляючы раўнавагу, тут жа скочыў у вузкую межавую канаву, самае дно якой было завалена пасохлай ігліцай. Пайшоў ён па гэтай канаве, бы па глыбокай разорыне ў полі, нязвыкла стаўляў ногі пяткай да наска, усё роўна як цаляў патрапіць на выцягнуты прут. Нарэшце канава вывела да балацявіны, парослай па краі высокай і мяккай хвалістай травой, якая здараецца ў глухім цені. Тут сасновы зараснік сыходзіў на клін, і далей ужо льга было зноў ісці без перашкоды. Абмінаючы не згарэлыя, можа, некалі прытушаныя ліўнем лаўжы, што чарнелі, бы старыя начлежныя вогнішчы, на залужаным грудку, Чубар апынуўся паміж балацявінай і рослым ядлоўцам. А далей недзе ўжо меліся быць тыя сіўцовыя лагі, якімі дабіраўся да хаткі-лупільні Чубар і тады, у першы вечар, як вярнуўся са свайго вымушанага падарожжа. Скрозь па ядлоўцы зямля выглядала быццам папорканай, але не цяпер, а даўно, бо паспела ўздзірванець. Калдобіны былі неглыбокія, у адну рыдлёўку, затое шырокія, акурат гайны, што часта ўбачыш пасярод сялянскага двара, а то і проста на вясковай вуліцы ў дажджавой калёжыне. Такое маглі нарабіць па сваёй ахвоце толькі дзікі. Але наўрад ці яны, бо, як помніць Чубар, за гэтыя гады, што давялося жыць у Верамейках, нават мясцовыя паляўнічыя пра іх ніколі не азваліся. Другі раз Чубар, можа, і не заўважыў бы гэтых старых калдобін, але цяпер яны чамусьці бы назнарок кінуліся ў вочы, і ён ажно спыніўся на грудку, акурат у вялікім здзіўленні,— вось ужо нечая праўда, што вольнаму часу не займаць! Тут ён і ўбачыў на ладнай прагаліне, паміж ядлоўцавых кустоў, ласяня, ззаду, крокаў за колькі ад ласяня, стаяў, наважыўшыся на яго, воўк... Ласяня мела вельмі нязручную позу — трымалася на каленках, быццам перад гэтым хтосьці піхнуў яго, і пярэднія ногі ад штуршка падламаліся. Але драпежнік чамусьці не нападаў на высачаную ахвяру, усё роўна як забаўляўся чужой бездапаможнасцю. Каб не паскорыць драму, якая вось-вось мелася разыграцца тут, Чубар ажно замёр на месцы, адчуўшы ў момант, што пацяжэлі ногі. Правай рукой ён паволі зняў з пляча вінтоўку, нячутна падхапіў вышэй патронніка левай і ўжо гатовы быў прыставіць яе прыкладам да пляча, каб цэліцца, як раптам воўк зварухнуўся і неяк дзіўна, бы ламаючыся ў хрыбціне, віхлянуў задам, акурат падаючы на зямлю. Але гэтым ён толькі зрабіў уражанне. Драпежнік быў дужа нямоглы, таму не толькі не меў спрыту па-звярынаму скочыць да сваёй ахвяры, але і звычайна хоць трухам падбегчы. Гэта быў той стары воўк, якога надоечы бачыў Зазыба, калі вяртаўся з Бабінавіч. Недзе там нямоглы драпежнік і напаткаў ласяня. І вось яны хадзілі цяпер адзін за адным па лесе — нямоглы воўк, які няздольны быў насцігнуць сваю ахвяру, каб наталіць даўні, ужо закарэлы ў жываце, голад, і гэтае бездапаможнае трапяткое ласяня, што ўсё не давалася яму, кожны раз гатовае ўскочыць на ногі і зрабіць некалькі стомленых крокаў. Але гэтых крокаў якраз і хапала, каб уратавацца.