Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 208

Іван Чыгрынаў

Хоць падсочка на соснах засохла, а ў бляшаных лейках стаяла рудая вада, якую наліло ў дажджы, па ўзлеску, нібы ў спякотнае лета, духмяніў смольны пах. Праўда, ён быў не такі густы, як бывае тады, калі па дрэвах струменіць сама жывіца, затое адчуваўся, здаецца, нават мацней: на пачатку восені, дарэчы, як і ў самую восень, з прыродай наогул адбываецца нібыта прасвятленне, тады і вада ў рэках робіцца гусцейшай, і пахі навокал чуюцца больш выразна, нават паветра і тое, здаецца, праглядваецца наскрозь зусім не замгленае. Зразумела, што смольны пах перш за ўсё і адчуў цяпер Чубар, бо той панаваў тут, бадай, ужо адзін. Верас у разлік не ішоў. Яго тут было мала, усяго некалькі лапікаў на ўсю выспу.

Але вось Чубар перайшоў дарогу, што бралася з Мамонаўкі к Бесядзі. За дарогай вачам адразу адкрылася вялікая высека, якая ўтварылася тут летась, калі стралявалі леспрамгасаўцы лес да руму. Цяпер на высецы скрозь сінеў мышыны гарох, усё роўна як яго назнарок пасеялі тут. Па гаросе басавіта гулі чмялі, пырхала птаства. Пасярод высекі ўзвышалася магутная елка. Лесарубы чамусьці не спляжылі яе, можа, якраз па простай прычыне, што гэта была наогул елка, прытым расла адна на ўвесь квартал, дык навошта рабіць ёю перасорціцу? Убачыўшы ацалелае дрэва, Чубар нечакана ажно тварам прасвятлеў, нібыта сустрэў даўняга знаёмага. «Няскора вырасце нанава лес, а калі і вырасце, то наўрад ці давядзецца каму з тых, хто жыве цяпер у гадах, стаць сведкам ягонага ўзнаўлення. І толькі смаляныя пні ды яна вось будуць нагадваць, што некалі шумела тут, гнула вершаліны пад ветрам ладная баравіна. Дрэвы — тыя ж людзі, дарма што няздольныя думаць, хадзіць ды шкадаваць, усведамляючы сваё часовае знаходжанне на гэтым свеце. А лёс у іх, бадай, аднолькавы з чалавекам. Пастаяць, пашумяць, і годзе! Калі не самі струхлеюць, то ўжо, няйначай, прыдадуцца на нейкую патрэбу. На дрэва знойдзецца чалавек з сякерай, а на чалавека — свая трасца, а то, глядзіш, і сам чалавек пойдзе на чалавека, як і ў гэтую вось вайну!..»

Думаючы так, Чубар непрыкметна для самога сябе пратупаў амаль сярэдзінай высеку. На краі яе, у засені арэшніку, прыкрытага зверху яловымі шатамі, стаялі буданы. Яны мелі выгляд адмысловага чалавечага жылля, але без людзей. Толькі ў адным будане, у самых галавах, на сене ляжала чырвонаармейская пілотка. Чубар дастаў яе, падчапіўшы на мушку вінтоўкі, патрымаў у руцэ і зноў кінуў на месца. За гэтым буданом віднелася яма, заваленая ватай і акрываўленымі бінтамі. «Значыць, мела прыпынак тут нейкая медыцынская часць»,— здагадаўся Чубар. Звычайна, не паспее такая часць атайбавацца на месцы, а вакол ужо вырастаюць знаёмыя з дзяцінства грудкі, дарма што без крыжоў ды стаўбункоў. На адну такую стаянку Чубар набрыў яшчэ за Іпуццю. І тады найперш кінуліся ў вочы яму бліз дарогі буданы. Але тыя былі зроблены з разлікам не на адзін дзень,— кожны будан, быццам раскручаным рулонам, накрываўся (і з бакоў, і па вільчаку) яловай карой, так што ў сярэдзіне чалавеку не страшна была не толькі звычайная слата: праліўны дождж не мог прабіць кару. Чубар памеў намер нават заначаваць у адным з буданоў. Ды дарэмна — неўзабаве адчуў трупны пах, потым згледзеў трохі збоч парасцяганыя вакол чалавечыя канечнасці. Варта было Чубару павадзіць вачамі ды ўцяміцца трохі, як стала зразумела: тут дактары аперыравалі раненых, і гэтыя канечнасці — рукі і ногі — скідвалі санітары ў яму, і вось нехта адкапаў яе, тую яму, можа, воўк ці валачашчы сабака. Няцяжка было зрабіць вывад — той, хто з гэтакай ахвотай раскапаў яму, няйначай, пакаштаваў чалавечыны. Дык паспрабуй, абначыся тады адзін у будане!.. Уцяміўшы гэта,— а перспектыва на самой справе была не толькі незайздроснай, але і вельмі жахлівай,— Чубар жахнуўся, сігануў прэч ад тых буданоў. Больш таго, неадчэпная думка, што недзе бегаюць звяры-людаеды, прымушала скаланацца і многа пасля. Праўда, днём утрапёнасць не даймала, бо навошта тады насіць пры сабе вінтоўку, затое кожны раз пад вечар, як толькі выпадала шукаць прытулку пад адкрытым небам, лічы, першая трывожная думка была пра гэта...