Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 207

Іван Чыгрынаў

— От што,— сказаў ён,— ты хацеў бы мець ласяня? — Выйшла ў яго гэтае запытанне зусім нечакана, аднак надзвычай дарэчы, быццам чалавек увесь час думаў пра ласяня і пра тое, што асірацелага звярка, які недзе бадзяецца адзін, трэба, няйначай, прывесці сюды, у Мамонаўку, паказаць і аддаць малому, бо наўрад ці мог хто другі, акрамя Міхалкі, па-сапраўднаму паклапаціцца цяпер пра небараку.

— Якое ласяня? — страпянуўся Міхалка.

— Ну, звычайнае.

— А якое яно?

— Тады пабачыш. Ты толькі скажы — хочаш ці не?

— А яно не кусаецца?

— Не,— засмяяўся Чубар і зноў палашчыў вачамі ўзрадаванага Міхалку. Падумаў: «Ну, канечне, як гэта я не здагадаўся раней, трэба ж зараз пайсці шукаць ласяня!» Для яго цяпер, бадай, не было даражэйшага за гэтыя дзве істоты — Міхалкі і ласяня!

Тым часам Міхалка працягваў радасна плюскаць блакітнымі вачанятамі, і гэта яшчэ мацней падахвочвала Чубара на тое, на што ён нечакана рашыўся. Але Міхалку клікаць з сабой у лес Чубар не браўся. Па-першае, Міхалкава адсутнасць дома ўстрывожыла б маці, бо наўрад ці паспеюць яны вярнуцца назад, пакуль тая з дачкой прыйдзе з поля, а па-другое... Урэшце, ці мала што можа здарыцца цяпер, тады ўжо і зусім замучыць сумленне. Чубар па-змоўніцку падміргнуў хлопчыку. Сказаў:

— Значыць, хочаш мець ласяня? — і, не чакаючы адказу, тут жа дадаў: — Тады вось што, ты сцеражыся тут хаты, а я зараз пайду.

— А я?

— Ты застанешся дома. Я адзін пашукаю ласяня, а то матка пасля будзе на нас сварыцца. Пападзе ад яе і мне, і табе.

— Ыгы,— насупіўся Міхалка, але, мусіць, не таму, што збаяўся матчыных пагроз.

Спытаў:

— А хлеб яно есць?

— Не ведаю,— паціснуў плячамі Чубар.— Мусіць жа, есць...

— Тады вазьміце з сабой хлеба. Хлебам і прыманіце. Пакажаце яму мякушак, яно і пойдзе за вамі. Ета нават лепей, чымся вяроўкай лавіць. На вяроўцы дак можа ўпірацца яшчэ, а так — не. Я вэн сваёй Чарняўцы, як малая была, заўсёды даваў мякушак. Дак хадзіла ўсё лета за мной пакуль узімку не вырасла. А на каго яно падобна, ласяня? Якое яно?

— Ну, як звычайнае цяля. Такое.

— А вы яго самі бачылі?

— Як цябе вось.

— Ладна, прыводзьце,— зусім стала, быццам і праўда даючы дазвол, на які дасюль не згаджаўся, сказаў Міхалка.— А я загончык на гародзе зраблю. Няхай будзе стаяць у ім. Толькі пачакайце самі, я хлеба зараз прынясу.

Хлопчык кумельгам кінуўся праз двор у сенцы, а праз іх у хату і гэтак жа хуценька вярнуўся з акрайцам у руках. Убачыўшы акраец, Чубар падумаў, што і самому не лішне паклапаціцца пра хлеб, раз ужо ідзе з дому. Але як узяў з Міхалкавых рук акраец, то падумаў і пра другое — урэшце, наўрад ці давядзецца прынаджваць ласяня.

— Ну, глядзі тут! — Чубар абышоў хлеў з тыльнага боку, дзе паўз мяжу стаяў пасохлы бярозавы хмыз, па якім чаплялася ўгору струкаватая фасоля, і зацішкам падаўся ў другі канец сядзібы.

Птушкі — а гэта сапраўды былі шпакі — з шумам узляцелі з бяроз пры з’яўленні на гародзе чалавека, закружылі чорнай хмарай над пасёлкам.

З гарода ў лес прапускалі ў плоце маленькія варотцы, збітыя з нятоўстых абапалкаў, і Чубар, адкінуўшы заржавелую жалезную зашчапку, піхнуў па той бок іх ботам. Апынуўшыся за сядзібай, ён кінуў позіркам на дарогу з Верамеек, быццам хацеў прымусіць сябе пераканацца, што сёння ўжо нікога не дачакаецца адтуль, бо ці рашыцца нават Драніца ісці да яго сярод белага дня, тады ўгнуў галаву ў плечы, усё роўна як пажадаў зрабіцца меншым і непрыкметным, і, мякка стаўляючы ногі на зляжалае сасновае шыгалле, пашыбаваў паўз агароджу.