Читать «Апраўданне крыві» онлайн - страница 205

Іван Чыгрынаў

Сонца свяціла ад вуліцы, і на падворак, куды выходзіў ганак, ад самага вільчака дзвюхскатнай саламянай страхі падаў у знявечаным абрысе цень. Высвечаны падворак быў бліжэй да плота, дзе стаяў, нібыта плаха, шырокі пень, на якім гаспадары не толькі секлі дровы, але і пеўням галовы. Адразу за плотам, крокаў якіх за паўсотню, пачынаўся лес, скрозь сасновы і таму меднастволы, з белымі, як у шкілетаў, рэбрамі падсочкі на дрэвах. І толькі на гародзе за лазняй высіліся тры крывулі бярозы, якія вырасталі, здавалася, з аднаго кораня, утвараючы ўнізе, амаль над зямлёй, штосьці падобнае на рагазастае сядло. На бярозах, абсеўшы сучча пад самыя макаўкі, кешкаліся нейкія птушкі, напэўна, шпакі, якім час настаў збірацца ў чароды, бо такой парой звычайна кругом ішло ворыва. З лесу пачулася бомканне, але невыразнае, можа, прыглушанае адлегласцю, таму адгадаць, хто рабіў яго, не было магчымасці. Хутчэй за ўсё, там, у ракітавай лагчыне, якая падступала глубокім ровам к дарозе, пракладзенай з Мамонаўкі ў другі пасёлак — Кулігаеўку, пасвіўся статак, і гэта бомкала званочкам на шыі чыясьці збродлівая карова.

Не надта вытыркаючыся, каб, крый бог, не трапіць на вочы каму, Чубар шырокім крокам перасігнуў двор, кіруючыся да варот хлява. У хлеве ляжала сена, і там у Чубара была схованка: на дзень, калі кожную хвіліну ў хату мог прыйсці няпрошаны чалавек. Уласна, Чубар мог праводзіць тут, на гэтым сене, і ночы, асабліва сённяшнюю, калі я’явіўся з Паддубішча позна.

Чубар ужо ўзяўся за чэп на варотах хлява, як на двор, піхнуўшы рукамі з вуліцы брамку, узбег васьмігадовы Гапчын хлопец Міхалка. Мусіць, ён меў ад маці наказ пільнаваць, калі будзе прачынацца Чубар, каб паказаць на стале сняданак, бо гарэза адразу з гэтага і пачаў:

— Дзядзька Чубар! — Гэта ўжо было звычайным, што малы звяртаўся так.— Матка казала, каб вы елі, на стале ў етай хаце стаіць усё!