Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 78

Іван Чыгрынаў

— Крэпкая ў цябе брага, Сахвейка, няхай госпадзь здароўя дае і табе і тваёй дачцэ. Ажно ногі цяпера во не ідуць... — Гануся і сапраўды трохі была п’яная.

Неўзабаве сабраліся ісці і Куліна Вяршкова з Гапкай Сімуковай. А Марфу Зазыбаву не пусціла дамоў Рыпіна Ціткова.

— Ты, Марфачка, пабудзь тута, у Сахвеі. З маладымі во. А то мне трэба гаспадарку паглядзець. — І пажартавала не па-старэчаму: — Каб хоць Ціток мой не прывёў там другую.

Але не паспела Марфа нават гаршкі пераставіць у чалесніку — намерылася таксама памагчы гаспадыні, як у хату быццам увалілася Ганна Карпілава, прынесла з сабой прыглушаныя пахі непрасохлай вясковай вуліцы і сваю бесклапотную ўзрушанасць.

— А я з гасцей да ў госці, — пачала яна не дужа гнуткім языком. — Па Лістрацісе ж сянні шэсць тыдняў, дак была там. Ішла дай зайшла. А цяпер во да Сахвеі. Сказалі, што радзіла...

Ганна абвяла вясёлым, але затуманеным позіркам хату, убачыла каля печы Зазыбаву Марфу і нечага махнула рукой, як на непатрэбную тут, пасля кінулася да астатніх гасцей, пачала цалавацца. Маладзіцы нязлосна адпіхвалі яе, здаволена заліваючыся смехам, і ажно ёрзалі па ўслоне.

Тады Ганна нарэшце падышла да Сахвеі, якая пасля Дуньчынага плачу не лажылася больш, пляснула рукамі, усклікнула:

— Каб ты ведала, як я рада, Сахвейка, як я рада!.. Ета ж цяпера і ты са мной зраўнялася. І ў мяне — двое, і ў цябе — двое. Дак харашо!

Яна і да парадзіхі палезла з абдымкамі.

— Да ты п’яная, Ганна, — у здзіўленні адшаснулася ад яе Сахвея.

А я п’ян, а я п’ян —

Пайду завалюся

Да й на тую караваць,

Дзе мая Маруся, —

нібыта ў адказ запела Ганна. Голас у яе — і гэта ўсе ведалі — ад прыроды быў звонкі, як назнарок для спеваў, але цяпер ён гучаў глуха, і Ганна, дурэючы, адно крычала ім на ўсю хату.

— Нарэшце і я з вамі раўня, — не магла сцішыцца яна... — Цяпера і я без мужыка, і вы без мужыкоў. Ах, вайна — вайна — вайна!.. — Ганна некалькі разоў пачынала спяваць гэтыя словы — тады яшчэ не было самой песні. Нарэшце трохі ўгаманілася, сказала: — Давайце скакаць, бабы!

— Дак пад што? — спытала, як падначыла, Гэля Шаракоўская.

— Пад фізгармонію, — пажартавала, падказваючы, Дуня Пракопкіна.

— А пад грэбень не хочаш? — тупнула нагой Ганна.— А ну-тка пашукайце грэбень! Сахвея, дзе твой грэбень? — Але ўбачыла, што сяброўкі не па-належнаму паставіліся да яе выдумкі, раззлавана і без дай прычыны накінулася на Марфу Зазыбаву, падумаўшы, што тая за бабку ў Сахвеі. — Дак ета ты за бабку? — І адразу рушыла да Сахвеі: — Навошта ты Зазыбаву запрашала? Няўжо ва ўсёй вёсцы не знайшлося каму твайго дзіцёнка перабабіць?

— А чым табе цётка Марфа не даспадобы?

— Дак яна ж не ўмее рабіць етага! — Ганна ажно засмяялася. — Хто ж калі браў яе за бабку?

— Не трэба, Ганна, крыўдзіць цётку Марфу, — паўшчувала Сахвея.

— А і то праўда, — Ганна ўзялася за галаву. — Нешта я сянні злая нейкая...

Роза Самусёва падышла да Ганны, абняла за плечы.

— Не злая, а вясёлая, — сказала яна, паціскаючы рукамі.

Дуня Пракопкіна, усмешліва назіраючы за Ганнай і за тым, як сяброўкі спрабавалі суняць яе, павяла па хаце галавой і заспявала: