Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 77

Іван Чыгрынаў

— Дак ён і праўда праліўся! — сказала Ціткова Рыпіна.

— Награшылі людзі, — дадала Гануся Падзерына.

Тады нечакана ўзбурылася Дуня Пракопкіна: яна адчула ў гаворцы старэйшых жанчын нешта злое і нядобрае.

— А-а-а, памаўчалі б вы, бабы, з богам сваім! — крыкнула яна і пакутліва зморшчыла твар: — Жывеце са сваімі мужыкамі, дак і жывіце!

Жанчыны збянтэжана паглядзелі на маладзіцу.

— Не гняві бога, дзеўка! — як не накінулася на яе Рыпіна Ціткова.

— Грашыць дак усе грашылі, а як адказваць, дак нам адным, Розе во, Гэлі да Сахвеі? Нашы ж мужыкі паліваюць зямлю тым чырвоным дожджычкам, а не вашы! Вы сваіх на печах трымаеце! Вашы ж!.. — І раптам Дуня быццам спатыкнулася на што — загаласіла, ажно вокны затрымцелі ў хаце.

Нечакана плач яе падняў з тапчана нават Сахвею. Парадзіха спалохана дастала рукой начоўкі, пачала калыхаць малое, нібыта занепакоілася, што тое пачуе і таксама будзе плакаць.

Роза Самусёва і Гэля Шаракоўская кінуліся супакойваць Дуню, але салдатка заходзілася ўсё мацней — выла без слёз і па-бабску бязладна, нібыта на прысак перасмаліла ў ёй гора.

— Да кіньце вы яе, бабы, — узлавалася Гануся Падзерына. — Напілася, дурніца!..

Тады да маладзіцы падступілася Марфа Зазыбава. Яна ўзяла Дуньчыну галаву аберуч і прытуліла лобам да сваіх высахлых грудзей.

— Ну, ну, — нібыта паўшчувала яна і пачала гладзіць салдатку па спіне.

Дуня пацішэла адразу, але галавы не ўзняла.

З гэтай хвіліны нібы што стала ў хаце паміж старэйшымі жанчынамі і маладзейшымі. Колькі часу ўсе сядзелі насупленыя, нездаволеныя.

— Вы б, дзеўкі, схадзілі ў Яшніцу, — з намерам памірыць баб, сказала маладзейшым Куліна Вяршкова. — Тама, кажуць, лагер цяпера. Палонных нашых немцы трымаюць. Дак, можа, і ваш чый тама? Немцы, бывае, аддаюць бабам мужыкоў, калі хто пазнае свайго.

— От і Сахвея скора можа пайсці з вамі, — спачуваючы, падказала Рыпіна Ціткова.

— А што, вазьму дзеўку на рукі да й пайду! — кінула з тапчана парадзіха.

Непрыкметна ў хаце зноў пачалася вольная гамонка. Неўзабаве злосці і плачу як не было. Куліна Вяршкова расказвала, як хадзілі ў Яшніцу маладыя бабы з Гончы, насілі туды немцам, што ахоўваюць лагер савецкіх ваеннапалонных, розную правізію, асабліва мёд, яйкі, сала.

— Толькі не трэба пры камандзірах даваць, — наперад папярэджвала яна. — У немцаў таксама парадак. Могуць пакараць за ета нават свайго. Таму выкуп даваць трэба асцярожна, каб камандзіры не бачылі.

— Можа й застрэліць, — пагражаючы, сказала Рыпіна Ціткова.

— Як дадуць каманду, дак і застрэліць, — пацвердзіла Куліна Вяршкова: яна, як і Парфён, з ахвотай разважала на самыя разнастайныя, нават часам не жаночыя тэмы, але тлумачыла ўсё, далікатна кажучы, ужо ж вельмі па-свойму.

Калі ўсё вясковае было збольшага перагаворана, старэйшыя жанчыны пачалі разыходзіцца ад парадзіхі. Першая ўзяла свой гладыш Гануся Падзерына — сунула ў сярэдзіну яго накрыўку, нечага панюхала ў пустое горла і падышла да Сахвеі, каб пацалаваць: