Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 76

Іван Чыгрынаў

— Да ўжо ж... — паківала галавой Куліна Вяршкова, хоць сама хлопцаў не мела.

— А большы твой дзе? — спытала Сахвею Марфа.

— Недзе гуляе, — адказала парадзіха. — Можа, у суседзяў.

— Як жа ты пачуваеш?

— А-а-а, справа прывычная! Малое ў начоўкі, а сама была за рагач ужо да к печы. Але бабы во не падпускаюць.

— Нічога, паляжы, — сказала ў сваю чаргу і Марфа, — ёсць каму памагчы.

— Дак і я падумала, — усміхнулася Сахвея. — Але ж як... Як мне цяпера з імі адной? — І раптам яна зрабіла жаласны твар і пачала выціраць кулаком сухія вочы.

— Табе нельга хвалявацца, — паўшчувала яе бабка — Ціткова Рыпіна, — а то малако перагарыць. Чым тады малое будзеш карміць? А мужык, дасць бог, вернецца. Усе вернуцца, каму богам намечана, дак і твой прыйдзе.

— Хадзі-тка, Зазыбава, — паклікала Гануся Падзерына, — ды выпі з намі. Сахвея от брагі наварыла, дак...

Рыпіна Ціткова заглянула пад накрыўку ў кошык, прынесены Марфай, пераставіла яго са стала на акно, дзе былі ўжо кошыкі, і гладышы, і таксама пачала запрашаць:

— Давай, Давыдаўна, і папраўдзе хлябні.

Яна наліла ў карэц брагі. Марфа падняла важкі карэц, сказала:

— Ну, за тваё здароўе, Сахвейка! — выпіла брагу і села з бабамі на ўслон.

— Мы ета, Давыдаўна, пра вайну тута без цябе гаварылі, — сказала Куліна Вяршкова.

— А я на іх лаюся, — перапыніла Куліну гучным голасам Ціткова Рыпіна. — Песні спявайце, навошта пра вайну!

Тады раптам Дуня Пракопкіна сапраўды запела:

Я бы ету бабку,

Я бы ету любку

Да ў бабкі не брала;

Я бы етай бабцы,

Я бы етай любцы

Да й намёткі не дала...

Маладыя жанчыны заўсміхаліся і падхапілі песню:

Запражыце, запражыце

Дзевятнаццаць валоў,

Адвязіце, адвязіце

Ету бабку дамоў.

— Паглядзім яшчэ, якімі вы бабкамі будзеце, калі дажывеце, — сказала на гэта без усякае крыўды Рыпіна Ціткова.

Але Куліна Вяршкова пачакала, пакуль усе накрычацца, тады зноў сказала, звяртаючыся больш да Марфы Зазыбавай:

— Учора да Васілёвічавай Вулькі прыходзіла белаглінаўская баба, нейкая радня тамашняя, дак таксама гаварыла пра вайну. У іх жа тым летам абнавілася ікона, а сёлета бытта сам Хрыстос яўляўся адной там. Акурат, як пачацца вайне. Во, кажуць, бога няма, а як на паверку, так і праўда выйшла.

— Бо-о-ога няма?! — нібыта ўзбурылася Гапка Сімукова. — Ета як для каго, а я вон ікон дак не дала чапаць камсамольцам сваім. Сын быў усхадзіўся, а я — не руш! Дак яшчэ матчыны таму вісяць — і Ягоры Пабядзіцель, і Прачыстая дзева.

— Дак я і кажу, — не спынялася на тым Куліна Вяршкова. — Ён жа, гасподзь, таксама абы-каму не стане паказвацца. Значыць, заслужыла кабета перад госпадам, раз у вобразе чалавечым явіўся.

— Раскажы, раскажы, — падахвоціла яе Марфа Зазыбава.

— Дак от, — Куліна, мусіць, не першы раз апавядала ўжо, — ідзе ета яна па дарозе, а тады бача — стаіць чалавек. Ну, стаіць сабе і стаіць. Ці мала людзей бывае. Таму жанчына нават міма прайшла, але азірнулася. Глядзіць, а над галавой у яго бытта свеціцца што. Тады баба — бах на калені, маліцца пачала. А ён і гаворыць: «Зямля сухая. Саўсім перасохла. Трэба паліць чырвоным дожджычкам». Во, як у кніжках старых сказана — пральецца на зямлю чырвоны дождж!