Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 79

Іван Чыгрынаў

Ой, зязюлька кукуе,

Салавейка ўсё чуе.

Калі б знала я, калі б ведала,

Дзе мой мілы начуе.

Да яе голасу далучыла сваё сапрана Роза Самусёва:

Калі ў полечку, пры дарожачцы,

Памажы яму, божа.

Калі ў дзевачкі, на пасцелечцы,

Накажы яго, божа...

— А як па мне, — перабіла сябровак Гэля Шаракоўская, — дак няхай лепей заначуе ўжо «ў дзевачкі, на пасцелечцы». Цалей будзе.

— І то праўда, — заплюшчыла вочы Дуня Пракопкіна і паківала галавой, уздыхаючы: — Нешта мы сянні распеліся!..

— Але ці будзем скакаць? — не пераставала дурэць Ганна Карпілава.

— Будзем, будзем, — загаманілі маладыя жанчыны.

— Тады шукайце грэбень!

Ганна і сапраўды нагнулася пад тапчан, дастала адтуль драўляны грэбень, якім чэшуць кудзелю. Пасля выдрала ліст з нейкае школьнае кніжкі, сунула яго паміж зубцоў, прыгладзіла рукой і паднесла грэбень да губ. Першыя гукі ў яе выйшлі хрыплыя і невыразныя, але вось Ганна зноў надзьмула шчокі, пачырванела ад натугі, і тады ў хаце пачулася знаёмая мелодыя:

Шахцёр пашанькі не паша,

Касы ў рукі не бярэ;

Касы ў рукі не бярэ,

Што заробіць, то й прап'е...

— От, бачыце! — сказала пасля гэтага здаволеная Ганна. — А яшчэ каб праз бяросту, дак і зусім не пагана выходзіла б. — Яна перабрала вачамі маладзіц, прапанавала Гэлі Шаракоўскай: — На-тка цяпера ты пайграй!

— Але што?

— «Месяц», — пырснула смехам Роза Самусёва.

Не паспела Гэля паднесці грэбень да губ, а Ганна ўжо выйшла на сярэдзіну хаты, падняла над сабой хустку ў руцэ і ціха, без п’янага крыку, але па-ранейшаму хрыплавата, запела перад самым тым момантам, як зрабіць першы крок у танцы:

Све-е-еціць месяц, све-е-еціць ясны...

Затым Ганна махнула хусткай — спярша направа ад сябе, пасля налева, ледзь не да самага пляча, пайшла па кругу, лёгка і пругка ступаючы па падлозе. Яе не пазнаць было — яна ўся перамянілася, і без таго не абы-якая з выгляду, здаецца, адно пахарашэла: блакітныя вочы раптам ачысціліся ад п’янага тлуму, што засціў іх хвіліну назад, сталі задумлівыя, нібыта засвяціліся сваім святлом аднекуль з глыбіні, на твары, трохі схуднелым, даўгаватым і ў той жа час скуластым, паявілася сарамлівая і радасная ўсмешка; уся яе постаць, па-бабску ладная, выдавала зайздроснае здароўе, нібыта не Ганна нарадзіла тых дваіх дзяцей, што цяпер недзе былі ў яе хаце, і не сама, без мужчынскае дапамогі, расціла іх; шырокая, як парасон, і доўгая, ажно да самых лодачак-чаравікаў, спадніца яе з бардовага паркалю калыхалася ў такт размераных крокаў.

Гэля Шаракоўская больш не замінала Ганне сваім іграннем. Маладыя жанчыны сцішыліся і на ўсе вочы глядзелі, зачараваныя, на саламяную ўдаву, зайздросцячы яе зграбнасці і спрытнасці. Сапраўды, было надзвычай прыемна глядзець збоку на Ганну і на незвычайны яе танец — без музыкі, з адным напевам. А Ганна тым часам лёгка рабіла адзін за адным кругі, шоргала ледзь чутна падэшвамі. Здавалася, яна забылася на ўсё на свеце, бо ў гэтыя хвіліны духоўнага і фізічнага ўзрушэння здольная была разбіраць толькі свой паслухмяны голас ды яшчэ адчувала, як поўнілася істота салодкай замілаванасцю да ўсяго. Але вось Ганна страсянула галавой, азірнулася і крыкнула цераз плячо: