Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 80

Іван Чыгрынаў

— Разам, разам давайце!

Тады нібы спахапілася Дуня Пракопкіна — самая танцорка на вясковых ігрышчах. Маладзіца ўскочыла з услона, падпёрлася левай рукой, а правую ўзняла ўгору. Яна пастаяла гэтак, пакуль параўнялася Ганна Карпілава, прыгожа пахіснулася і, вольна згінаючыся ў поясе — то ў адзін, то ў другі бок, — дробненька затупала нагамі.

— Дак і вы ж ідзіце ў круг! — крыкнула з тапчана Сахвея Розе Самусёвай і Гэлі Шаракоўскай.

Марфа, якая сачыла за ўсім ад печы, падалася цяпер да ўслона, села там.

У танцы кружыліся ўсе — і трохі марудлівая ўжо, але па-ранейшаму нястомная Ганна Карпілава, і пругкая, нібыта гумовы мячык, Дуня Пракопкіна, і ўсмешлівая, з прыжмуранымі, таму як недаверлівымі вачамі Роза Самусёва, і не дужа вольная, нават у сваіх рухах, Гэля Шаракоўская.

Не спявала ў крузе адна Роза Самусёва. І гэта Марфа Зазыбава пачула адразу — галасы астатніх маладзіц, хоць і зліліся ў адно, можна было пазнаць, калі ўслухацца. Марфа ажно здзівілася, што гэтак лёгка яна адрознівае іх — хапала адно паглядзець на твар якой, убачыць, як варушацца губы, і тады да слыху акрэслена далятаюць словы, выразны робіцца голас. Але з усіх выдаваўся голас Дуні Пракопкінай. Яна вяла ў песні-танцы. Голас яе быў сам чысты, здавалася, вылятаў з грудзей, як пасярэбраны.

Марфа пераводзіла свой позірк з аднае танцоркі на другую, па-жаночаму зайздросціла іхняй маладосці і тым жа часам, нечага ажно стыдаючыся, шкадавала яе.

Але адзін танец, нават без музыкі, не можа цягнуцца бясконца.

Быццам па якой камандзе, танцоркі перасталі раптам спяваць, стоўпіліся пасярэдзіне хаты — усё роўна як яны былі на ігрышчы і цяпер чакалі, пакуль зайграе новая музыка. Але музыка не пачыналася — ёй не было адкуль брацца. Тады Дуня Пракопкіна задзірыста, нібыта робячы выклік, тупнула нагой і, уся гарачая ад узбуджанасці, канчаткова ўзяла ролю завадатара на сябе.

— Ай, гоп, гра-ча-ні-кі... — запела яна на ўвесь голас.

Дуніны «грачанікі», як на ляту, падхапілі яшчэ тры галасы. Не ўтрымалася нават Роза Самусёва, якая расчырванелася ўся і ўжо бліскала сваімі чорнымі вачамі, што заўсёды вылучаліся на яе смуглым твары: яна спявала і моцна тупала нагамі, нібыта наважылася прабіць наскрозь чужую падлогу. Танец цяпер падобны стаў на звычайную вясковую «трасянку», калі ўжо ідуць у скокі ўсе, хто на пагулянцы — танцоры ці не танцоры, затое зацята дзогаюць па гнуткіх, спаласаваных шавецкімі цвікамі масніцах — называецца, прыбіваць абцасамі. Маладыя жанчыны як выхваляліся адна перад адной сваёй спрытнасцю, пасля, запыханыя, ажно клаліся па чарзе на ўслон, млелі ў бессаромнай жаночай знямозе, а праз нейкі час зноў працягвалі даўно пачатую «трасянку».

Нарэшце вярнулася з дому Рыпіна Ціткова, паглядзела на раздурэлых маладзіц і сказала, але быццам усцешаная чым:

— І праўда, панапіваліся бабы!.. От табе, Сахвейка, і брага. — Яна падышла да стала і з вялікай ахвотай выпіла яшчэ карэц брагі, выцерла бязгубы рот, павінілася перад Марфай: — Даруй, што забавілася.