Читать «Плач перапёлкі» онлайн - страница 75
Іван Чыгрынаў
Марфа заклапочана паглядзела на свае парусінавыя чаравікі — яны былі запэцканы балотнай рудой. Тады Марфа паставіла збоч сцежкі бяроставы кошык і, падабраўшы спадніцу, пачала выціраць мокрай травой скураныя мысы і запяткі.
У парадзіхі, калі Марфа прыйшла туды, сядзелі ўжо Куліна Вяршкова, Гапка Сімукова, што жылі непадалёку, у гэтых жа Падліпках, таксама Гануся Падзерына, а з маладзейшых — салдаткі Дуня Пракопкіна, Роза Самусёва і Гэля Шаракоўская. Гэтыя тры былі Сахвейчынымі сяброўкамі яшчэ тады, калі ні адна з іх не выходзіла замуж.
На стале, амаль пад бажніцаю, адкуль на хату мрыйна і абыякава глядзеў раззалочаны Мікола-ўгоднік, стаяла, як забеленая чым, пузатая бутля з брагай. Жанчыны, мусіць, пакаштавалі ўжо трохі і цяпер сядзелі — і старэйшыя, і маладзейшыя — на шырокім услоне, вялі гамонку. За бабку ў Сахвеі была Ціткова жонка, старая Рыпіна. У Верамейках яна шмат у каго бабіла, а ў Сахвеі — другі раз. Цяпер яна гаспадарыла — паваротліва, як маладая і як у сваёй хаце, знаходзіла патрэбныя рэчы, сустракала жанчын, якія прыходзілі ў адведкі, частавала брагай і не забывалася пра гаспадыню-парадзіху, што ляжала стомленая і здаволеная на тапчане: балазе, было за кім сёння паляжаць.
Побач з парадзіхай стаялі вялікія начоўкі, дзе спала, загорнутае ў чыстыя пялёнкі, дзіцё.
Марфа паставіла на стол свой кошык, гледзячы на бажніцу, ціхмана паклала на грудзі крыж і ўжо затым пайшла да тапчана. Асцярожна, каб не пашкодзіць, адгарнула лёгкую накрыўку, глянула на чырвоны тварык.
— Дзякуй, Давыдаўна, што прыйшла, — сказала Сахвея.
— Каго ж ты еты раз — дачку ці сына? — спытала Марфа.
— Дачку.
— А што сыны! — азвалася з услона Гапка Сімукова. — Не паспее падрасці, як яго забіраюць ужо ад цябе.
— Праўду кажаш, — падтрымала яе Гануся Падзерына. — Вон у Круцяліхі ажно пяцёра было, а дзе яны цяпера? Ні слыху ні дыху. А матка сядзі, чакай.